Улады Флярыды аддалі ў нядзелю перамогу на выбарах у сваім штаце кандыдату
ў прэзыдэнты ад рэспубліканцаў Джорджу Бушу. Буш заявіў, што пачынае рыхтавацца
да таго, каб выконваць абавязкі прэзыдэнта ЗША і прыступае да фармаваньня
адміністрацыі. Паводле Гора, спрэчка з падлікам галасоў яшчэ ня скончылася.
Дэмакраты зьбіраюцца апратэстоўваць вынікі падліку гадасоў у судзе.
Перамога ў Флярыдзе прынесла Бушу галасы ўсіх 25-ці выбаршчыкаў гэтага
штату. Гэта дазволіць яму пераадолець мяжу ў 270 галасоў, неабходных для
перамогі. Адразу пасьля абвешчаньня вынікаў падліку, Буш выступіў па тэлебачаньні
з прамовай, зь якой вынікала, што ён лічыць сябе абраным прэзыдэнтам ЗША.
Ён паведаміў, што прызначыў Чэйні кіраўніком сваёй пераходнай каманды.
(Буш: ) “Дзяржаўны сакратар Чэйні і я ганарымся і адначасова ніякавеем
ад таго, што мы перамаглі ў штаце Флярыда. Гэта дае нам неабходную колькасьць
галасоў выбаршчыкаў, каб выйграць выбары. Таму мы бярэм на сябе адказнасьць
за падрыхтоўку да пачатку працы ў якасьці наступных прэзыдэнта і віцэ-прэзыдэнта
Амэрыкі."
Буш таксама зьвярнуўся да Гора з просьбай зьмяніць сваё рашэньне і не
аспрэчваць вынікаў выбараў.
Адвакаты каманды Гора заявілі, што будуць працягваць змагацца за справядлівасьць.
Буш атрымаў перавагу ўсяго у 537 галасоў – альбо пяць дзесяцітысячных адсоткі
тых, хто прыняў удзел у галасаваньні ў ЗША. Падліковая камісія ў Палм-Біч
яшчэ працягвала ўручную лічыць галасы на момант абвешчаньня вынікаў галасаваньня
ў штаце: ім заставалася апрацаваць каля 200 тысячаў бюлетэняў. Такім чынам,
на думку дэмакратаў, незаконна засталіся няўлічанымі сотні галасоў. Кандыдат
у віцэ-прэзыдэнты ад дэмакратаў Джозэф Лібэрман заявіў:
(Лібэрман: ) “Сёньня ўвечары статс-сакратар Флярыды вырашыла зацьвердзіць
вынікі няпоўнага і недакладнага, паводле ўсіх разумных крытэрыяў, падліку
галасоў выбаршчыкаў у штаце Флярыда.”
У пятніцу павінна адбыцца паседжаньне Вярхоўнага суду ЗША. Суд разгледзіць
зыск рэспубліканцаў у сувязі з падвядзеньнем вынікаў выбараў. Нагадаю,
рэспубліканцы лічаць незаконным рашэньне суду Флярыды дазволіць ручны пералік
галасоў у шэрагу акругаў. Апрэч таго, у судах розных інстанцыяў разглядаюцца
зыскі абедзьвюх партыяў адносна працэдуры падліку галасоў у некалькіх акругах
Флярыды.
Афіцыйныя вынікі, якія сьцьвярджаюць, што ў Флярыдзе перамог Джордж
Буш, абвесьціла статс-сакратар Флярыды Кэтрын Гарыс:
(Гарыс: ) “За губэрнатара Джорджа Буша – 2 млн. 912 тыс. 790 галасоў,
за віцэ-прэзыдэнта Альбэрта Гора – 2 млн. 912 тыс. 253 голаса адпаведна.
Ад імя падліковай камісіі штату і ў адпаведнасьці з законамі Флярыды, я
абвяшчаю, што 25 выбаршчыкаў ад штату Флярыды павінны прагаласаваць за
губэрнатара Джорджа Буша ў якасьці прэзыдэнта ЗША.”
Сёньня чакаецца тэлевізійны зварот Альбэрта Гора да амэрыканцаў. Гор
зьбіраецца прасіць сваіх прыхільнікаў набрацца цярплівасьці і патлумачыць,
чаму не спыняе барацьбу.
Да 12 сьнежня ўсе штаты павінны палагодзіць супярэчнасьці, зьвязаныя
з выбарамі, каб іхныя пасланцы маглі быць зарэгістраваныя ў калегіі выбаршчыкаў.
Калегія ў часе таемнага галасаваньня абярэ 18 сьнежня 43-га прэзыдэнта
ЗША.
Алена Радкевіч, Прага