Праваабарончая арганізацыя Amnesty International выпусьціла прэс-рэліз
з нагоды патрабаваньня Камітэту ААН супраць катаваньняў неадкладна спыніць
катаваньні ў Беларусі.
Беларускі ўрад павінен неадкладна выканаць рэкамэндацыі ААН-аўскага
камітэту супраць катаваньняў і спыніць катаваньні.
Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, у апошнія гады вельмі трывожная,
зноў стала ў цэнтры міжнароднай увагі, калі 20 лістапада ў другой палове
дня ААНаўскі камітэт выклаў свае абагульненьні і рэкамэндацыі пасьля чарговага
разгляду сытуацыі ў Беларусі, які адбываецца кожныя чатыры гады.
“Зьвесткі Камітэту што да агульнай сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі
сьведчаць, наколькі фундамэнтальныя правы чалавека былі растаптаныя ў гэтай
краіне. Беларусь павінна зрабіць патрэбныя высновы з вельмі жорсткай, асуджальнай
справаздачы Камітэту і зрабіць неадкладныя крокі, каб правы чалавека ізноў
сталі прыярытэтам у краіне” – гаворыцца ў прэс-рэлізе Amnesty International.
ААНаўскі камітэт, які знаходзіцца ў Жэнэве, выказаў заклапочанасьць
пагаршэньнем сытуацыі ў Беларусі ад 1992 году, калі адбыўся апошні агляд.
Камітэт заявіў, што ён атрымаў шэраг паведамленьняў аб працягу катаваньняў
і нечалавечых паводзінаў сілавых структураў, асабліва ў дачыненьні да палітычных
апанэнтаў уладаў і мірных дэманстрантаў.
Amnesty International атрымала шэраг паведамленьняў аб парушэньнях правоў
чалавека, у тым ліку і аб зьнікненьнях вядучых палітычных лідэраў, беспадстаўных
затрыманьняў і жорсткага абыходжаньня з дэманстрантамі.
На працягу гадоў Amnesty International дакумэнтавала парушэньні правоў
чалавека ў Беларусі, якія засталіся без пакараньня. Арганізацыя адзначае,
што ў Беларусі ўвайшло ў норму, калі чыноўнікі не рэагуюць на інфармацыю
аб катаваньнях і не даводзяць справу да суда над вінаватымі. Да сёньня
Amnesty International не вядомы ніводзін выпадак, каб вінаватыя ў катаваньнях
былі пакараныя.
“Калі прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка мае надзею выратаваць
сапсаваны міжнардны імідж Беларусі ў галіне правоў чалвека, ён павінен
неадкладна выканаць рэкамэндацыі Камітэту ААН,” – гаворыцца ў заяве Amnesty
International.
Камітэт ААН заклікае да стварэньня незалежнай, аб’ектыўнай нацыянальнай
камісіі, якая б расьсьледавала ўсе скаргі аб парушэньнях правоў чалавека,
і якая б магла эфэктыўна ўплываць на сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.
У сваю чаргу Amnesty International вітае рэкамэндацыі Камітэту ААН,
якія павінны прывесьці да большай празрыстасьці і адказнасьці беларускіх
уладаў, і зрабіць іхныя паводзіны больш адкрытымі да зьнешняга кантролю.
“Безумоўна, няма сумневу, што заклапочанасьць і рэкамэндацыі Камітэту
ААН сьведчаць аб тым, што ў Беларусі трэба правесьці шмат працы. Беларускія
ўлады павінны разглядаць рэкамэндацыі Камітэту як магчымасьць або нагоду
прасунуць краіну наперад і адмовіцца ад заганнай практыкі ў галіне правоў
чалавека, якая мела і мае месца ў Беларусі,” – гаворыцца ў прэсаым рэлізе
Amnesty International.