Выйшаў чарговы нумар газэты “Рабочы”.
На першай старонцы чарговага нумару беларускага штотыднёвіка “Рабочы”
– твары тых, хто 12 лістапада выйшаў на вуліцу пад лёзунгам “Пераменаў!”
Акцыю пратэсту з адпаведнай назвай ладзіла па ўсёй краіне кааліцыя маладзёвых
арганізацыяў, якія месяц таму аб’ядналіся дзеля сумесных дзеяньняў. Моладзь
Беларусі больш ня хоча пакутваць ад сацыяльнай і эканамічнай неўладкаванасьці
ды адсутнасьці пэрспэктываў. У сталіцы акцыя скончылася жорсткай расправай
міліцыянтаў над яе ўдзельнікамі, сярод якіх было шмат непаўнагадовых. Зразумела:
цяпер, калі Лукашэнка скалаціў сабе паслухмяны парлямэнт, няма больш патрэбы
прыкідвацца перад Захадам. Так званы “пэрыяд даверу” на Беларусі скончыўся,
аб чым улады недвухсэнсоўна папярэджваюць апазыцыю.
Падрабязнаcьці пра правядзеньне маладзёвай акцыі – на старонцы “Маё права”.
Дыяграмы, што ілюструюць суадносіны памеру заробку беларускіх настаўнікаў
у дачыненні да памеру сярэдняга заробку ў вытворчасьці адсылаюць чытача
на шостую старонку нумара. Там друкуецца заява пэдагагічных работнікаў
у Адміністрацыю прэзідэнта і ў Савет Міністраў з патрабаваньнем выкананьня
Закону “Аб адукацыі”, прынятага яшчэ ў 1991-м годзе, праграмы “Настаўнік”,
а таксама шматлікіх абяцаньняў адказных работнікаў у адносінах да паляпшэньня
становішча работнікаў адукацыі. Толькі па Менску пад заявай сабрана больш
як 30 тысячаў подпісаў. Сытуацыю камэнтуе старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі
Беларускага прафсаюзу работнікаў адукацыі і навукі Анатоль Паўлаў.
Пад рубрыкай “Зборны цэх” у дыскусію аб месцы і ролі прафсаюзаў у сучасным
жыцьці Беларусі ўступае старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу і адначасова
прэзыдэнт Беларускага кангрэсу дэмакрачытных прафсаюзаў Віктар Бабаед.
Госьць рубрыкі праводзіць шмат гістарычных зьвестак і аналёгіяў з гісторыі
сусьветнага прафсаюзнага руху, выказвае ўласныя меркаваньні ў такіх пытаньнях,
як “глябалізацыя і прафсаюзы”, “дэмакратыя і прафсаюз” і інш.
На цэнтральным развароце газэты – аповед пра маладога аматара нацыянальнага
старажытнага мастацтва батлейкі. Гаспадара сучаснай батлейкі завуць Скіргайлам,
а наш аповед так і называецца “Пра Скіргайлу”.
З разважаньнем аб выбарчых падзеях ва ўсім сьвеце і ў Беларусі выступае
палітоляг Уладзімер Мацкевіч. Галоўнае, што вынікае з артыкула “Чаго хочаш
выбірай! А чаго ж мы хочам? Ці разумеем?” можна вызначыць наступнымі словаміі:
“…у будучых выбарах хутчэй за ўсё мы атрымаем новага прэзідэнта. Праблема
толькі ў тым, ці мы яго абярэм самі, такога, які патрэбны Беларусі і яе
грамадзянам, ці новага прэзідэнта нам навяжа Расея?… А чаго хочам мы?”.
Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты
“Рабочы”
“Рабочы”