(эфір 13 Лістапада 2000)
Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.
“Творчы цягнік” Менск–Масква: чаму зьязджаюць з Радзімы таленавітыя
журналісты і ці вернуцца яны назад?
(Цыганкоў: ) “Беларусь за савецкім часам заўсёды пастаўляла свае самыя
лепшыя і таленавітыя кадры ў Маскву. У імпэрскай сыстэме каардынатаў “сталіца–правінцыя”
Масква была найвышэйшай мараю, найвышэйшым дасягненьнем кожнае савецкай
кар’еры. Журналістыка тут не была выключэньнем — напэўна, ва ўсіх маскоўскіх
выданьнях можна сустрэць людзей беларускага паходжаньня.
Пасьля атрыманьня краінаю незалежнасьці гэты шлях у аднабаковым накірунку
на пэўны час прыпыніўся. У Менску зьяўляліся новыя недзяржаўныя выданьні,
агэнцыі, тэлекампаніі — так што беларускім журналістам было што дасягаць
і на сваёй Радзіме.
Аднак за апошнія пяць гадоў “цягнік Менск–Масква”, вобразна кажучы,
зноў запоўніўся новымі творчымі пасажырамі — у Маскве апынуліся дзясяткі
беларускіх журналістаў. Пералічу толькі некаторыя, самыя вядомыя прозьвішчы…
Самым знакамітым беларускім журналістам у Маскве зьяўляецца Павал Шарамет
— цяпер кіраўнік аддзелу адмысловых праэктаў тэлеканалу ОРТ. У газэце
“Ведомости” працуе колішні аглядальнік «Белорусского рынка» Ўладзімер Максімаў.
У газэце “Версия” — былы кіраўнік “Мас-мэдыя цэнтру” Дзьмітры Філімонаў
і былая карэспандэнтка “БДГ” Натальля Мікалайчык. Яшчэ адна журналістка
з БДГ Вера Раптуновіч здымае сюжэты на тэлеканале ТВ-6. Нават беларуская
спартовая прэса пастаўляе Маскве свае кадры — карэспандэнт “Прессбола”
Дзьмітры Навоша цяпер піша пра спорт у “Известиях” і прадстаўляў гэтае
выданьне на Алімпіядзе ў Сыднэі.
Што пагнала ў Маскву беларускіх журналістаў, бальшыня зь якіх і ў Беларусі
займалі не апошнія месцы ў сваіх мэдыях. Напэўна, галоўную ролю тут адыгрывалі
эканамічныя прычыны — у Маскве заробкі журналістаў нашмат вышэйшыя. Але
ня толькі гэта прымушала людзей пакідаць Менск. Гаворыць карэспандэнт ОРТ,
былы аглядальнік “Звязды” Ігар Сінякевіч”.
(Сінякевіч: ) “Асабіста мяне нічога ў Маскву не цягнула. Наадварот,
мяне хутчэй нешта вымушала пакінуць Менск. Дарэчы, эканамічныя прычыны
мяне не датычыліся, бо я няблага зарабляў і ў Менску, і адразу калі перабраўся
ў Маскву, я адразу страціў у грашах недзе ўдвая.
Але я глядзеў на пэрспэктыву, хацелася нечага новага ў прафэсійным плане.
Аднак галоўным быў усё ж такі палітычны клімат, які давіць — нават калі
рэжым непасрэдна да цябе ня мае прэтэнзій, якія могуць дрэнна скончыцца.
Усё роўна гэты палітычны клімат давіць і немагчыма займацца сваёй работаю,
калі ты журналіст, захоўваць самога сябе. Таму я вырашыў зьмяніць горад,
зьмяніць краіну”.
(Цыганкоў: ) “Характэрная і можна сказаць, адметная рыса новае хвалі
творчых эмігрантаў — гэта маладосьць. Амаль усе з тых беларускіх журналістаў,
якія прыехалі зь Менску ў Маскву за апошнія 5 гадоў — маладыя людзі ад
20 да 30 гадоў. 25-гадовы Віктар Дзятліковіч пакінуў Менск у 96-м годзе
не па сваёй волі. У разгар “справы Шарамета” Дзятліковіча сярод іншых карэспандэнтаў
ОРТ пачалі выклікаць на допыты ў беларускае КГБ. Яму прыйшлося зьехаць
у Маскву. Абжыцца на новым месцы, паводле ягоных словаў, было даволі нескладана…”
(Дзятліковіч: ) “Прынамсі, маё ўваходжаньне адбылося вельмі лёгка —
я зрабіў два рэпартажы, і мне адразу прапанавалі застацца працаваць у праграме
Дарэнкі. Так што мне не прыйшлося змагацца за месца “крывёю” і “потам”.
Неяк усё атрымалася лёгка й добра. Насамрэч, я б сказаў, што ў Маскве
вялікі дэфіцыт на добрых журналістаў”.
(Цыганкоў: ) “Прагучыць даволі нечакана, напэўна, для многіх…”
(Дзятліковіч: ) “Так. Гэта прагучыць нечакана, а насамрэч гэта так.
Асабліва гэта праяўляецца на тэлэвізіі. Добрых рэпартэраў, карэспандэнтаў
ня так шмат, і калі ты можаш нешта рабіць і робіш гэта добра, дык ты працу
знойдзеш. Вось я б гэтак сфармуляваў. Так што мне было лёгка. Я ведаю,
што былі людзі, якія прыязджалі зь Менску, спрабавалі знайсьці ў Маскве
працу і вярталіся назад. Але шмат людзей засталіся. Так што як каму пашчасьціла,
як хто чаго дамогся”.
(Цыганкоў: ) “Дарэчы, пакуль мы гаварылі зь Дзятліковічам, ён афармляў
паперы на сваім новым месцы працы. Праграма Сяргея Дарэнкі, дзе працаваў
беларускі журналіст, ужо канчаткова зьнятая з эфіру ОРТ, і цяпер Дзятліковіч
зьяўляецца карэспандэнтам “Московских новостей””.
(Цыганкоў: ) “Працягнем праграму. У маскоўскай журналістыцы даўно ўжо
існуюць іншыя, адрозныя ад беларускіх, адносіны паміж калегамі, пануе даволі
высокая канкурэнцыя. Норавы й прафэсійныя паводзіны журналістаў больш жорсткія
і бязьлітасныя. Як адбывалася ўваходжаньне беларусаў у расейскія творчыя
калектывы, як успрынялі там новых людзей? Ігар Сінякевіч прызнае, што напачатку
было вельмі цяжка”.
(Сінякевіч: ) “Безумоўна, камфартабэльна пераезд у іншы горад ніколі
не адбываецца. Гэта заўсёды нейкія складанасьці і чым больш ты сталы чалавек,
тым больш складана мяняць горад, таму што й прафэсійнае асяродзьдзе іншае,
і людзі іншыя. У цябе няма сувязяў, у цябе няма знаёмых, якія могуць адразу
падтрымаць.
Безумоўна, спачатку было складана, хаця ў мяне быў неблагі старт, і
мяне адразу ўзялі ў “Известия”. Прыкладна празь месяц там адбыўся раскол
і, у выніку пэўных інтрыгаў, у якіх я нешмат разумеў на той час, не засталося
нічога іншага, як пайсьці ў “Новые Известия”. Таксама неблагі выбар, але
ў прафэсійным пляне я разьлічваў на нешта большае.
Безумоўна, спачатку было цяжка зразумець нейкія адносіны паміж людзьмі
на ўзроўні інтрыг, але ў прафэсійным пляне я б не сказаў, што беларускія
журналісты падрыхтаваныя горш. Іншая справа, што журналіст — гэта прафэсія,
якая патрабуе канкрэтных сувязяў, канкрэтных крыніцаў інфармацыі. Нават,
калі вы мяняеце газэту ў адным і тым жа горадзе, усё роўна гэта патрабуе
новых падыходаў. Таму напачатку было складана”.
(Цыганкоў: ) “Напэўна, самы вядомы беларускі журналіст з тых, якія працуюць
у Маскве — Павал Шарамет — калі вёў на ОРТ сваю аналітычную праграму, казаў:
“нашыя войскі ў Чачні”, “нашыя палітыкі” і гэтак далей. Ён, прынамсі ў
эфіры, адмовіўся ад сваёй беларускай самаідэнтыфікацыі. Ці патрабуе гэтага
праца ў Маскве? Вось што адказвае Віктар Дзятліковіч…”
(Дзятліковіч: ) “Я не лічу, што каб дамагчыся чагосьці ў Маскве, трэба
адмаўляцца ад беларушчыны. Прымамсі, я не сутыкаўся з гэтым. Ну, было там
адзін-два выпадкі, калі мы з Дарэнкам спрачаліся пра тое, як трэба вымаўляць
— “Беларусь” ці “Белоруссия”. Вось гэта быў, здаецца, самы такі яскравы
момант, калі мне сказалі: “Ну, Віктар, ты усё ж такі працуеш у Расеі, таму
ты мусіш казаць “Белоруссия”. Пасьля гэтага я пачаў казаць “белорусские
власти“ замест “власти Белоруссии”. Таму я ня бачу, чаму трэба адмаўляцца
ад беларушчыны, каб дасягнуць посьпеху?…
Аргумэнтацыя Пашы Шарамета пра тое, што “я ж працую ў Расеі, таму й
мушу гаварыць “нашыя войскі” — гэта ягоная аргумэнтацыя, у мяне
на гэты конт трохі іншая думка.
Шмат хто, пераязджаючы ў Расею, адразу пачынае клапаціцца пра расейскае
грамадзянства, некаторыя проста й ня хочуць захоўваць гэтую беларушчыну.
Яны кажуць: “Ха, тут з расейскім грамадзянствам лягчэй атрымаць візы нейкія,
можна атрымаць нейкія вызваленьні ад падаткаў”, так што для іх такіх праблемаў
не паўстае — адмаўляцца ад беларушчыны ці не. Яны пра гэта проста ня думаюць”.
(Цыганкоў: ) “І напэўна, самае важнае пытаньне — калі сытуацыя ў Беларусі
пераменіцца, калі палітычныя зьмены прывядуць да зьменаў эканамічных, у
тым ліку і ў беларускіх мэдыях… — ці вернуцца назад у Беларусь журналісты,
што працуюць цяпер у Маскве? Ці Масква такі вялізны касмапалітычны горад,
які так да сябе прыцягвае, што вяртацца ў ціхую і спакойную Беларусь ім
не захочацца?”
(Сінякевіч: ) “Я думаю, што калі зьнікне Лукашэнка, дык сытуацыя ў Беларусі
будзе разьвівацца вельмі дынамічна. Лукашэнка — гэта ў пэўным сэнсе, мэханізм,
які сьціскае спружыну беларускага грамадзтва і, калі гэты мэханізм лопне,
дык беларускае грамадзтва будзе разьвівацца вельмі дынамічна і, безумоўна,
дынамічна будуць разьвівацца сродкі масавай інфармацыі. Таму, я думаю,
што ўзьнікнуць цікавыя вакансіі, прафэсійныя магчымасьці.
Але я хачу адразу сказаць, што я вярнуся толькі ў тым выпадку, калі
будуць менавіта цікавыя пэрспэктывы ў прафэсійным сэнсе. Для мяне ня вельмі
йстотныя толькі эканамічныя варункі. Калі будзе цікава ў прафэсійным сэнсе,
дык я, магчыма, зноў зьмяню горад. Вось так”.
(Дзятліковіч: ) “Я лічу, што калі сытуацыя ў Беларусі сапраўды зьменіцца,
дык шмат хто вернецца, але шмат хто й застанецца. Прынамсі, я ведаю шмат
людзей, якія сказалі, што нам тут даспадобы і, нават, калі Беларусь будзе
без Лукашэнкі, і калі ў Беларусі зьявіцца нармалёвая журналістыка і нармалёвыя
магчымасьці зарабляць, усё адно, я застануся тут, таму што гэта Масква,
таму што гэта “трэці Рым”… — я ня ведаю, якія ў іх яшчэ там аргумэнты…
Але ёсьць людзі, якія лічаць, што калі ў Беларусі ўсё ўсталюецца, дык
трэба вяртацца. Працаваць у Беларусі можа нават і цікавей, чым у Расеі.
Прынамсі, для мяне Расея ўсё ж такі застаецца чужой краінаю, нягледзячы
на тое, што я жыву тут чацьверты год”.
(Цыганкоў: ) “Масква ня стала Радзімаю для тых беларускіх журналістаў,
якія даволі лёгка заваявалі гэты вялізны горад. Але й Беларусі пакуль не
патрэбныя іхныя талент і здольнасьці. Пакуль новыя беларускія “эмігранты”
яшчэ заяўляюць, што гатовыя вярнуцца на Радзіму. Будзем спадзявацца, яны
не забудуць пра гэта, калі Беларусі зноў спатрэбяцца маладыя і таленавітыя
журналісты”.
Віталь Цыганкоў