У Менску працягваюцца суды над затрыманымі ўдзельнікамі несанкцыянаванай
акцыі моладзевых арганізацыяў 12 лістапада.
Сёньня ў Савецкім судзе на працягу дзьвюх гадзінаў разглядалася адміністрацыйная
справа студэнта радыётэхнічнага ўнівэрсытэту Івана Цітовіча. У выніку:
прысуд — 20 мінімальных заробкаў штрафу. Іван Цітовіч паведаміў радыё Свабода
з судовай залі:
(Цітовіч: ) “Судзьдзя Рэлява Аксана Анатолеўна выпісала мне – студэнту,
які мае 9 тысячаў рублёў стыпэндыі на месяц – штраф у памеры 72 тыс. рублёў.
Гэта складае 8 месяцовых маіх стыпэндыяў. Такім чынам пакаралі маіх бацькоў,
а не мяне, бо такі высокі штраф я сам сплаціць ня ў стане.”
Сярод затрыманых былі дзьве дзяўчыны, якім толькі споўнілася 18 год.
Гэта Надзея Грачуха з Барысава, вядомая нашым слухачам па крымінальнай
справе за спальваньне чырвона-зялёнага сьцяга ля рэзыдэнцыі прэзыдэнта
ў ліпені 99-га году, і Вольга Цімашук. Яны атрымалі папярэджаньні.
Тым часам у Першамайскім судзе пад час разгляду адміністрацыйных справаў
Сяргея Шмялёва, Руслана Харкевіча і Дзяніса Яроменкі высьветлілася, што
пратаколы ў Першамайскім РАУСе былі аформленыя не належным чынам. Учора
старшыня Савецкага суду з гэтае прычыны не прыняў справы да разгляду з
Маскоўскага й Савецкага РАУСаў. Іх тэрмінова перарабілі.
Адвакат Сяргей Цурко так пракамэнтаваў гэтую сытуацыю нашаму радыё:
(Цурко: ) “Або гэта непрафэсіяналізм, або — абыякавае стаўленьне да
працы. Не паставіць дату — гэта неахайнасьць, а вось не ўказаць мейсца
й час затрыманьня — гэта ўжо юрыдычнае пытаньне. Такія рэчы трэба ведаць.
Даволі часта такія пратаколы складваюцца нават пад капірку. Подпісы
закрэсьліваюць і ставяць свае. Таму й паказаньні такіх супрацоўнікаў міліцыі
ў судзе ілжывыя. Яны ня ведаюць, што казаць і, таму кажуць тое, што загадала
кіраўніцтва. На жаль, заканадаўствам не прадугледжаная крымінальная адказнасьць
за ілжывыя паказаньні ў адміністрацыйных і грамадзянскіх справах”.
Яго падабаронны анархіст Сяргей Шмялёў быў моцна зьбіты ў часе затрыманьня.
Ён лічыць, што такім чынам салдаты ўнутраных войскаў адпомсьцілі за леташні
“Марш Свабоды”. Гаворыць Сяргей Шмялёў:
(Шмялёў: ) “Мне закруцілі рукі, ударылі дубінкай некалькі разоў па галаве,
па нагах – каб я ня ўцёк, падбілі вока. Пару мэтраў яшчэ працягнулі на
бандане, ледзь не прыдушыўшы. Пасьля цягнулі на вывернутых руках і потым
запхнулі ў аўтобус. У мяне ўражаньне, што яны помсьцяць нам за ранейшыя
акцыі – у тым ліку, за Марш Свабоды. Яны думаюць на нас адыграцца.
У Першамайскім РАУСе да нас ставіліся нармальна. Праўда, я ведаю, што
некаторых іншых затрыманых усё-ткі білі, у тым ліку аднаго майго сябра
адвялі ў габінэт і некалькі разоў ударылі”.
Сяргей Шмялёў не пажадаў зафіксаваць пабоі, бо лічыць, што прыцягнуць
у Беларусі да адказнасьці міліцыянта — справа амаль безнадзейная.
Любоў Лунёва, Менск