У Магілеве і Бабруйску сёньняшнія акцыі моладзі прайшлі без мітынгаў
і шэсьцяў. Мясцовая моладзь выбрала іншыя сродкі пратэсту.
Лідэры мясцовых моладзевых арганізацыяў палічылі, што акцыя пад назовам
“Наш горад” з канкрэтнымі вынікамі дасьць у сёньняшніх умовах больш карысьці,
чым акацыя пратэсту.
У Магілеве моладзевая акцыя “Пераменаў” пачалася ў сыботу раніцай. 12
сябраў Маладога Фронту некалькі гадзінаў адпрацавалі на знакамітым магілеўскім
“даўгабудзе” – рэстаўрацыі абласнога драматычнага тэатру. Маладафронтаўцы
вырашылі, што яны будуць працаваць на рэстаўрацыі кожную сыботу і заклікалі
іншыя моладзевыя арганізацыі да іх далучыцца.
Сёньня ж у межах акцыі “Пераменаў” дэмакратычная моалдзь правяла, так
бы мовіць, паход “Наш горад”. Маладыя людзі наведвалі розныя крамы і з
дазволу адміністрацыі мянялі розныя шыльды ды надпісы на беларускамоўныя.
На жаль, паводле словаў кіраўніка абласной арганізацыі Маладога Фронту
Андруся Кавалёва, удалося зьмяніць толькі адзінкі, бо ў большасьці крамаў,
аптэкаў і бараў адсутнічала начальства, а прадаўцы ня бралі на сябе адказнасьць.
Гэтая акцыя будзе мець працяг у іншы, працоўны, дзень.
Сёньня ж дэмакратычная моладзь правяла гульню “Што, дзе, калі?” на беларускай
мове, а ўвечары заплянаваная дыскатэка. Моладзь хоча танчыць пад музыку
беларускіх рок-гуртоў.
У Бабруйску акцыя “Пераменаў” праходзіла таксама два дні. Мэта была
адна – упрыгожыць родны горад.
У ноч з пятніцы на сыботу, пакуль мясцовыя міліцыянты сьвяткавалі дзень
расейскай міліцыі, у 5-м і 6-м мікрараёнах зьявіліся намаляваныя фарбай
лёзунгі “Мы патрабуем пераменаў” і “Жыве Беларусь”. У наступную ноч падобныя
надпісы зьявіліся і ў цэнтры Бабруйску.
Паколькі жыльлёва-камунальныя службы ў выходныя не працуюць, а ў панядзелак
толькі пачнуць шукаць фарбу, то ўдзельнікі акцыі “Пераменаў” разьлічваюць,
што “ўпрыгожваньні” ў Бабруйску пратрымаюцца дзён пяць.
Дарэчы, праблемы з фарбай будуць і ў жальлёва-камунальнай службы Магілеву.
Справа ў тым, што невядомыя асобы заплямілі фарбай мэмарыяльныя дошкі ў
цэнтры гораду, што датычацца памятных датаў і дзеячоў савецкай улады.
Марыя Ўсьціновіч, Магілеўская вобласьць