Сёньня

Cталічны гарадзкі выканкам забараніў рабочым Трактарнага й Маторнага заводаў правесьці 15 лістапада ў Менску шэсьце й мітынг супраць зьбядненьня.

Менскі гарадзкі выканкам абгрунтаваў сваё рашэньне адсутнасьцю падставаў для правядзеньня акцыі пратэсту. У дакумэнце, накіраваным на адрэсу арганізатараў акцыі, сьцьвярджаецца пра нямэтазгоднасьць ініцыятывы Свабоднага прафсаюзу мэталістаў. Трактаразаводцы й маторабудаўнікі, як вынікае з гэтага дакумэнту, атрымліваюць на сваіх прадпрыемствах заробкі ў адпаведнасьці зь дзейнымі тут калектыўнымі дамовамі. У ініцыятараў пратэсту, які меркавалася правесьці ў форме шэсьця й мітынгу рабочых, рашэньне гарадзкіх уладаў выклікала абурэньне.

Гаворыць старшыня Свабоднага прафсаюзу Віктар Трошчы:

“У адпаведнасьці з працоўным кодэксам заробкавая плата мусіць выплочвацца ў месяц двойчы. Між тым, як на Трактарным заводзе, гэтак і на Маторным, гэтая норма парушаецца. Пасьля таго, як мы накіравалі заяўку, нас запрасілі ў адміністрацыю Партызанскага раёну. І там ягоныя прадстаўнікі ўвесь час нам даводзілі, што на самрэч няма ніякага падзеньня жыцьцёвага ўзроўню”, — зазначыў Віктар Трошчы.

Старшыня Свабоднага прафсаюзу МТЗ Вячаслаў Козел паведаміў нашаму радыё, што парушэньні працоўнага заканадаўства, зьвязаныя з заробкавай платаю, тут пачаліся яшчэ ўлетку. І зараз яны працягваюцца. Адміністрацыя Трактарнага на чале з генэральным дырэктрам Міхалам Лявонавым, паводле словаў Козела, спрабуе фінансавыя праблемы прадпрыемства перакласьці на плечы рабочых. Рэч у тым, што прадукцыя МТЗ з прычыны высокіх коштаў зараз зь цяжкасьцю знаходзіць пакупнікоў. У выніку тысячы трактароў застаюцца на складох прадпрыемства.

МТЗ цягне на дно свайго вытворчага партнэра — Маторны завод. Паводле інфармацыі кіраўніка Свабоднага прафсаюзу гэтага прадпрыемства Валерыя Захарчанкі, фінансавыя хваробы Маторнага працягваюць мець хранічны характар. Наступствам гэтага сталіся парушэньні графікаў выплаты заробкаў. Каб прадухіліць стыхійныя страйкі рабочых, адміністрацыя разьлічваецца зь імі грашыма, прызначанымі на вытворчыя мэты.

Свабодны прафсаюз мэталістаў зьвязвае фінансавыя цяжкасьці двух заводаў-гігантаў з жорсткім эканамічным дыктатам беларускіх уладаў. У прыватнасьці, цяперашнія фінансавыя праблемы абвайстрыліся ў выніку нядаўняе дырэктывы Аляксандра Лукашэнкі пра прымусовыя выплаты заробкаў.

Гаворыць лідэр рэспубліканскай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Віктар Трошчы:

“Да 1 верасьня яны нібыта заробкі выплацілі й ліквідавалі запазычанасьці. Аднак на гэтую ліквідацыю прадпрыемствы мусілі накіраваць абаротныя сродкі. І таму зараз бяз гэтых абаротных сродкаў заводы амаль спыніліся. Няма за што купляць камплектуючыя вырабы і матарыялы. Мы будзем пратэставаць супроць такое палітыкі. Нягледзячы на цяперашнюю забарону акцыі пратэсту, мы рана ці позна будзем праводзіць і шэсьці, і мітынгі”, — зазначыў Віктар Трошчы.

Міхал Стэльмак, Менск