Сёньня

Пасол Беларусі ў Літве Ўладзімер Гаркун спадзяецца на ўсталяваньне міжпарлямэнцкіх сувязяў Сойму Літвы і “нацыянальнага сходу” Беларусі і, нібыта, сустракае разуменьне з боку кіраўніцтва новага парлямэнту.

Сёньня пасол Беларусі ў Літве Ўладзімер Гаркун зьдзейсьніў візыт знаёмства да новага старшыні Сойма, які быў абраны 8 кастрыніка, Артураса Паўлаўскаса. Пад час сустрэчы пасол прапанаваў, паводле яго словаў, усебаковыя кантакты паміж парлямэнтамі дзьвюх краінаў і пачуў адказ, што такія кантакты магчымыя. У выпадку, калі ў Сойме знойдуцца ахвочыя аб’ядноўвацца ў групу дзеля сувязяў з “нацыянальным сходам” Беларусі.

Пікантнасьць сытуацыі ў тым, што Літва ўсьлед за Эўразьвязам ды іншымі міжнароднымі арганізацыямі, якія не прызнаюць “нацыянальны сход” легітымным ворганам улады, да гэтага часу афіцыйна пазьбягала афіцыйных кантактаў з лукашэнкаўскім парлямэнтам. У ранейшым складзе Сойма дзейнічала група з прыкладна 25 дэпутатаў дзеля сувязяў з Вярхоўным Саветам Беларусі 13-га скліканьня.

Параўноўваючы ўражаньні, атрыманыя ў Сойме мінулага і новага скліканьня пасьля таго, як зьвяртаўся да іх кіраўнікоў з аналягічнымі прапановамі аб міжпарлямэнцкім супрацоўніцтве, а фактычна, аб прызнаньні “нацыянальнага сходу”, пасол Гаркун у інтэрвію нашаму радыё сказаў, што з кансэрватарамі, вядома, было працаваць значна цяжэй, але цяпер, маўляў, ён спадзяецца на плённае і ўзаемакарыснае супрацоўніцтва.

Мяркуючы па ўсім, гаркун мае надзею на тое, што старыя і новыя сымпатыкі Аляксандра Лукашэнкі, якіх, паводле яго ацэнкі, у складзе новага парлямэнту куды больш, чым раней, гатовыя ўсталёўваць кантакты з сёньняшняй уладай Беларусі.

Апазыцыя ў Літве пасьпела ўжо адзначыць, што ў праграме новага ўраду, якая была зацьверджаная Соймам учора, так альбо інакш карэктуюцца практычна ўсе асноўныя зьнешнепалітычныя прыярытэты краіны – арыентацыя на НАТО і стасункі з суседзямі, у тым ліку і з Беларусьсю.

Першыя намёкі на гэта дэманструе і больш чым на дзьве траціны абноўлены парлямэнт. Напрыклад, працаваць у групе для супрацоўніцтва з Дзярждумай Расеі выказалі жаданьне больш за траціну усіх дэпутатаў – аж 51, у той час, як у мінулым складзе Сойму іх было ня больш за 10 чалавек.

Ёнас Лаўрынавічус, Вільня