Нацыянальны навукова-асьветны цэнтар імя Францішка Скарыны абвясьціў
лістапад месяцам Уладзімера Караткевіча. Нагодаю сталася набліжэньне 70-годзьдзя
клясыка нацыянальнага гістарычнага раману. Пра тое, чым будзе напоўнены
юбілейны Караткевічаўскі лістапад, распавядае ў інтэрвію нашаму карэспандэнту
Валянціне Аксак загадчык аддзелу Скарынаўскага цэнтру прафэсар Адам Мальдзіс.
Уладзімер Караткевіч — гэта зьява ня толькі беларуская, як часта сьціпла
думаем мы, ня толькі славянская, а агульнаэўрапейская, — падкрэсьліў на
пачатку нашае размовы Адам Мальдзіс. На доказ слушнасьці гэтага цьверджаньня
ён паказаў кнігу “Ўладзімер Караткевіч і яго творчасьць у эўрапейскім культурным
аспэкце”, якая толькі што выйшла зь лёгатыпам нацыянальнага навукова-асьветнага
цэнтру імя Францішка Скарыны.
Кнігу склалі аўтары адзінаццаці краінаў, у якіх творы клясыка беларускага
гістарычнага рамантызму шырака перакладаліся. Гэта найперш Польшча, Чэхія,
Славенія, Летува, Украіна, Латвія, Вялікая Брытанія.
(Мальдзіс: ) “І таму мы, фарміруючы гэты зборнік, хацелі паказаць яго
ва ўсім значэньні. Найперш для Эўропы. Для ўсяго сьвету мы тут пабаяліся
сказаць. Таму што, безумоўна ж, у Злучаных Штатах ведаюць, у Канадзе ведаюць,
але, на жаль, мала перакладалі”.
На прэзэнтацыі гэтае кнігі й прыйшла ідэя прысьвяціць увесь лістапад
ганараваньню асобы выбітнага пісьменьніка ды папулярызацыі ягонае творчасьці.
(Мальдзіс: ) “Міжвольна, без аніякага арганізацыйнага камітэту, кіруючыся
толькі сваімі сымпатыямі і разумеючы значнасьць гэтай асобы, прыгадаўшы,
што сапраўды ўперадзе многа мерапрыемстваў, мы так на хвалі эмоцый абвесьцілі
лістапад месяцам Караткевіча. А цяпер мы глядзім, што сапраўды так, таму
што літаральна ад запрашэньняў на сустрэчы няма адбою”.
Плянуе вельмі цікавую выставу й сустрэчу з удзелам дыпляматаў згаданых
краінаў мастацкі коледж імя Ахрэмчыка. Кінатэатар “Зьмена” ладзіць фэст
мастацкіх фільмаў на сцэнары Караткевіча і дакумэнтальных — пра яго. У
Доме літаратара рыхтуецца вялікая літаратурная вечарына.
Гэта — толькі частка менскае праграмы. На радзіме пісьменьніка ў дзень
сямідзесяцігодзьдзя будзе адкрыты дзяржаўны літаратурны музэй. Дарэчы музэй
адкрываецца ў даваенным радзільным доме, у якім і зьявіўся на сьвет будучы
клясык. Маскоўскі Дом літаратара запрашае на караткевічаву вечарыну 24
лістапада. Безумоўна, — гаворыць спадар Мальдзіс, — будуць і іншыя імпрэзы,
якія ўзьнікаюць, так бы мовіць, стыхійна.
(Мальдзіс: ) “Цікава. Няма аргкамітэту, улады, нібы вычэкваюць нечага,
саюз пісьменьнікаў нібы вычэквае нечага, а стыхійна, у самых розных месцах
(я б мог назваць дзясяткі адрасоў на тэрыторыі Беларусі і па-за ейнымі
межамі), дзе ў той ці іншай форме адбудуцца ўшанаваньні”.
Пры жыцьцці талент Уладзімера Караткевіча ня быў зразуметы. Але й цяпер
размах пашанотных імпрэзаў далёка не такі, якога ён заслугоўвае. Час адпаведнага,
сапраўды эўрапейскага, прызнаньня Ўладзімера Караткевіча, наперадзе, —
лічыць Адам Мальдзіс.
Валянціна Аксак, Менск