Магчымыя зьмены ў палітыцы амэрыканскай адміністрацыі ў дачыненьі да
Беларусі камэнтуе міжнародны каардынатар Хартыі-97 Андрэй Саньнікаў.
(Саньнікаў: ) “Зразумела, што новая адміністрацыя патрабуе нейкіх зьменаў
у галіне ўнутранай і замежнай палітыкі. Я хацеў бы падкрэсьліць, што беларускае
пытаньне існуе цяпер у замежнай палітыцы ЗША, і вялікіх палітычных зьменаў
у гэтым кіруку ня трэба чакаць. Тут ёсьць адпаведны кансэнсус паміж рэспубліканцамі
і дэмакратамі. Яны лічаць, што гэта краіна недэмакратычная, што шляху да
дэмакратыі трэба спрыяць, што трэба падтрымліваць дэмакратычныя сілы з
боку ЗША. І яшчэ я хачу падкрэсьліць: зьмены адбудуцца ў амэрыканскай адміністрацыі.
У галіне замежнай палітыкі і на іншых ключавых пасадах адміністрацыі таксама
зьявяцца іншыя людзі. Што датычыць рэспубліканцаў (мы яшчэ ня можам сказаць,
што яны перамаглі), у іх вельмі моцная зьнешнепалітычная каманда, на чале
з віцэ-прэзыдэнтам Чэні. Яны вельмі добра ведаюць, што адбываецца ў нашых
краінах, краінах былога Савецкага Саюзу, новых незалежных краінах, і я
лічу, што гэтыя краіны не застануцца па-за ўвагай”.
(Карэспандэнт: ) “Я хацела б запытацца ў вас пра каманду Буша. Калі
меркаваць паводле перадвыбарчых выступленьняў самога Буша і сяброў ягонай
каманды, іх канцэпцыя замежнай палітыкі даволі супярэчлівая. Зьвярну ўвагу
на заявы ў справе краінаў, якія знаходзяцца па-за сфэрай амэрыканскіх нацыянальных
інтарэсаў. Буш і ягоная дарадца ў замежных справах Кандаліза Райс рабілі
заявы аб неабходнасьці зьмяншэньня ўдзелу ЗША ў вырашэньні некаторых канфліктаў.
Магчыма тут ішла гаворка і аб Беларусі?”
(Саньнікаў: ) “Напэўна, будуць пэўныя нюансы. Па-першае, Беларусь ужо
не знаходзіцца па-за інтарэсамі ЗША. Гэта здарылася дзякуючы намаганьням
беларускай дэмакратычнай апазыцыі. Беларусь лічыцца цяпер вельмі важнай
з пункту гледжаньня бясьпекі ЗША. Мы ведаем, якія заявы робіць Лукашэнка,
якое шчыльнае супрацоўніцтва існуе паміж вайскоўцамі маскоўскімі і беларускімі.
Мы ведаем, якія візыты робіць Лукашэнка, і што ідуць перамовы аб супрацоўніцтве
з краінамі, якія лічацца недэмакратычнымі і небясьпечнымі з пунту гледжаньня
міжнароднай бясьпекі. Гэта азначае, што Беларусь павінна цікавіць амэрыканцаў.
Мы яшчэ здолелі зрабіць ў зьнешняй палітыцы ЗША Беларусь незалежнай
і сувэрэннай краінай. Калі ў 1996-1997 гг. стаўленьне ЗША да беларуска-расейскага
зьвязу было памяркоўнае, дык цяпер яно зьмянілася. Мы бачым апошнія рэзалюцыі
амэрыканскага Кангрэсу, выказваньні вядучых палітыкаў ад Белага Дому да
дзяржаўнага дэпартамэнту. У іх гучыць падтрымка сувэрэнітэту і незалежнасьці
Беларусі. Калі раней была небясьпека, што Беларусь уваходзіць у сфэру інтарэсаў
Расеі, і амэрыканцы з гэтым пагодзяцца, дык цяпер гэта немагчыма”.
Гутарыла
Алена Радкевіч, Прага