У другой палове дня ў Ленінскім раённым судзе Горадні
распачаўся разгляд адміністрацыйных справаў двух удзельнікаў учорашняга
ўшанаваньня памяці продкаў. Пятра Анісімовіча й Міколу Ворана абвінавачваюць
ва ўдзеле ў недазволеным шэсьці й непадпарадкаваньні міліцыі. Далейшы судовы
разбор адбудзецца 9 лістапада.
Нагадаю, што ўчора каля 18-ці гадзінаў у цэнтры гораду міліцыяй былі
схопленыя 23 удзельнікі ўшанаваньня памяці продкаў. Іх пратрымалі паўтары
гадзіны ў раённым аддзеле міліцыі, склалі на іх пратаколы і адпусьцілі.
Прадстаўнікі БНФ штогод запальваюць зьнічы і ўскладаюць кветкі да помнікаў
і памятных шыльдаў. Дагэтуль ніхто іх не чапаў. Сёлета ж міліцыя зрабіла
гучны напад на людзей, якія сабраліся перад унівэрсытэтам ля помніка Янкі
Купалы. Наехала шмат машынаў, некаторыя з сырэнаю. Дзеяньні міліцыі былі
неапраўдана гвалтоўныя і жорсткія. Усе пацярпелыя вырашылі напісаць скаргі
ў пракуратуру з просьбаю, каб вінаватыя міліцыянты былі пакараныя.
Пётра Анісімовіч патлумачыў мне, што непадпарадкаваньнем зь ягонага
боку міліцыянты назвалі тое, што ён зазначыў: міліцэйская машына перапоўненая
затрыманымі. Яму за гэта начапілі кайданкі. Мікола Воран адмовіўся размаўляць
зь міліцыянтамі па-расейску. Гэта таксама — быццам бы «непадпарадкаваньне».
Тыя, хто быў затрыманы міліцыяй, лічаць, што гэта — помста міліцыянтаў
за 8 кастрычніка. Тады мітынгоўцы, якія выступілі супраць недэмакратычных
выбараў, прайшлі па гораду шэсьцем. Міліцыя мусіла спыняць транспарт, каб
прапусьціць калёну. Бо да выбараў рабіць гвалт над грамадзянамі міліцыі
не далі. Ну, а сёньня — усё можна, нават калі няма падставы. Так лічаць
асобы, якія былі ўчора раптоўна затрыманы міліцыянтамі.
Сяргей Астраўцоў, Менск