Сёньня

У Маскоўскім судзе Менску пачаўся разгляд грамадзянскага зыску Аляксандра Шчурко да супрацоўнікаў АМАП’у Менскае гарадзкое ўправы ўнутраных справаў. Аляксандар Шчурко намагаецца спагнаць з АМАП’аўцаў, якія зьбілі яго ўначы зь 17 на 18 кастрычніка па дарозе ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік, грашовую кампэнсацыю памерам 100 000 рублёў.

Сёньня ў будынку Маскоўскага суду сабралася вялікая колькасьць людзей – у тым ліку журналісты й прадстаўнікі Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ. Аляксандар Шчурко быў затрыманы разам зь іншымі ўдзельнікамі “Маршу Свабоды” і адвезены ў Партызанскі РАУС. Пасьля складаньня пратаколаў а 2-й гадзіне ўначы для перавозкі затрыманых у спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцу Акрэсьціна супрацоўнікі міліцыі выклікалі не канваіраў, а чацьверты ўзвод АМАП’у.

АМАП’аўцы у аўтобусе зьбівалі й зьдзекваліся над затрыманымі. Аляксандар Шчурко быў таксама моцна зьбіты, ад удараў па галаве страціў прытомнасьць. Гэта потым засьведчыла судова-мэдычная эспэртыза.

Пасьля адбыцьця 5 сутак арышту ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку ён зьвярнуўся ў пракуратуру Партызанскага раёну. Аляксандар Шчурко распавёў “Радыё Свабода” пра свае намаганьні ў справе прыцягненьня да адказнасьці АМАП’аўцаў:

“Я чатыры разы зьвяртаўся ў пракуратуру з заяваю, каб была ўзбуджаная крымінальная справа. Тры разы зьвяртаўся з зыскамі ў суд. …Ніхто не жадаў брацца за гэтую справу. Старшыня Фрунзэнскага суду Гілеп накіраваў пратэст у гарадзкі суд. Прэзыдыюм гарадзкога суду вынес рашэньне пра разгляд маёй справы ў Маскоўскім судзе”, – паведаміў “Радыё Свабода” Аляксандар Шчурко.

Судовае паседжаньне праходзіла ў вельмі маленькай зале, якая не магла зьмясьціць усіх, хто пыйшоў на суд. Да таго ж, калі людзі ўвайшлі ў памяшканьне, празь некалькі хвілінаў раптам спрацавала схаваная перамоўная сыстэма, з дапамогаю якой невядомыя асобы, відавочна, сачылі за тым, што адбывалася ў зале. Гэта выклікала рогат сярод прысутных.

Напачатку разгляду справы адвакатка Страмкоўская заявіла хадайніцтва ў прыцягненьні ў якасьці суадказчыкаў супрацоўнікаў 4-га ўзводу АМАП’у Балабу, Гаеўскага, Аляшкевіча, Саковіча, Раптуновіча, Лукушу, Аніську, Яцкеўскага, Чэрніка, Пратасевіча, Пячэрскага й супрацоўніка Партызанскага РАУС’у Паца.

Судзьдзя Шастакоў пасьля таго, як дзьве гадзіны пабыў у дарадчым пакоі, вырашыў хадайніцтва задаволіць часткова: прыцягнуць гэтых АМАП’аўцаў у якасьці трэціх асобаў. Гэта азначае, што АМАП’аўцы павінны будуць даваць паказаньні, тлумачэньні, але пры гэтым пазбаўленыя права заяўляць самастойныя хадайніцтвы. Тады Страмкоўская заявіла адвод судзьдзі. Судзьдзя не задаволіў гэтае хадайніцтва, спасылаючыся на нормы Грамадзянска-Працэсуальнага кодэксу.

У выніку адвакатка патрабавала не пачынаць разгляд справы, бо яна мае намер падаць скаргу на судзьдзю ў гарадзкі суд. Гэтае хадайніцтва судзьдзя задаволіў. Такім чынам, разгляд грамадзянскае справы Аляксандра Шчурко адкладзены на нявызначаны тэрмін.

Любоў Лунёва, Менск