Адразу па два папярэджаньні атрымалі сёньня рэдакцыі “Народнае Волі”
й “Белорусской деловой газеты”. Дзяржкамітэт у справах друку працягвае
змагацца са свабодаю слова.
Усе папярэджаньні вынесеныя паводле сумна вядомага для шэрагу кіраўнікоў
беларускіх незалежных мас-мэдыяў 5-га артыкулу. Гэта найбольш унівэрсальны
артыкул “Закону аб друку”, у адпаведнасьці зь якім пры жаданьні можна прыцягнуць
да адказнасьці любога выдаўца друкаванае прадукцыі. Чым улады й карыстаюцца.
У папярэджаньнях на адрэсу БДГ у абодвух выпадках камітэцкія чыноўнікі
ўгледзелі “…распальваньне нацыянальнае нецярпімасьці”. У якасьці мішэняў
у першым выпадку выступілі палітоляг Сямён Букчын з артыкулам “Кадзіш на
Біркінаў” і Тадэвуш Малевіч, які накіраваў востры ліст у адказ.
На падставе завочнага ліставаньня аўтараў, Дяржкамітэт у справах друку
абвінаваціў газэту ў наўмысным стварэньні напружаньня ў польска-гэбрайскіх
адносінах. У другім выпадку да своеасаблівае адказнасьці быў прыцягнуты
чытач газэты спадар Урублеўскі. Ягоны ліст “Мы – ня статак баранаў” быў
трактаваны як “прыніжэньне годнасьці грамадзянаў расейскае ды іншых нацыянальнасьцяў,
якія выкарыстоўваюць для зносінаў расейскую мову”.
Камэнтар рэдактара “Народнае Волі” Іосіфа Сярэдзіча мы не даем у эфір
з прычыны ягонае надзвычайнае эмацыйнасьці. Эпітэты, якімі спадар Сярэдзіч
узнагародзіў аўтараў сёньняшняга пасланьня, не дазваляюць сумнявацца ў
адназначнай ацэнцы таго, што адбываецца.
Сапраўды, прэтэнзіі да “Народнае Волі” даволі арыгінальныя. Першае папярэджаньне
атрыманае за заметку намесьніка рэдактара Івана Макаловіча, дзе ў адным
з абзацаў ён задаецца рытарычным пытаньнем “…Можа, варта зьвярнуцца па
дапамогу да NATO?”. Другое тычыцца нават ня столькі газэты, колькі намесьніка
старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ спадара Папкова.
Дзяржкамітэт чамусьці палічыў, што гэтая структура БНФ не зарэгістраваная
ў Міністэрстве юстыцыі, а значыць, ейныя прадстаўнікі ня маюць права выступаць
з агітацыйнымі ўлёткамі на старонках прэсы.
Увесь сёньняшні дзень Іосіф Сярэдзіч правёў у візытах да ўладных чыноўнікаў
ды ў факсавым ліставаньні са спадаром Папковым. Паводле словаў рэдактара
“Народнае Волі”, ані ў Міністэрстве юстыцыі, ані ў Рэспубліканскай пракуратуры
прэтэнзіяў да дзейнасьці газэты няма. Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя
БНФ, паводле дакумэнтаў, зарэгістраваная яшчэ сёлета ў лютым. Абвінавачваньні
ў апэляцыі да NATO навогул абсурдныя. Значыць, газэта будзе выходзіць у
ранейшым рэжыме. Бо, паводле Сярэдзіча, выхад газэты можна спрабаваць спыніць
толькі праз суд. Аднаго жаданьня Дзяржкамітэту ў справах друку яшчэ недастаткова.
Ігар Карней, Менск