Зь сёньняшняга дня Чэхія ўвяла візавы рэжым для грамадзянаў
Беларусі. Больш складанымі сталі й правілы перасячэньня беларуска-ўкраінскае
мяжы.
Уладальнікам беларускіх пашпартоў ўсё складаней выпраўляцца за мяжу
ў бізнэсовую паездку ці на адпачынак. Зь сёньняшняга дня візавы рэжым для
беларусаў дзейнічае і ў Чэхіі.
Каштуе аднаразовая віза, якая можа быць выкарыстана на працягу 90 дзён,
у пераліку з чэскіх карунаў прыкладна 10 даляраў – ня так і шмат у параўнаньні
нават з усходнеэўрапейскімі заробкамі, але для беларусаў гэта грошы немалыя
– ледзь ня трэцяя частка сярэднестатыстычнага заробку.
Канешне, у Чэхію выпраўляюцца звычайна заможныя беларусы, для якіх 10
даляраў – ня надта вялікія грошы. Але і яны зь сёньняшняга дня адчуюць
новыя парадкі. Каб набыць візу, патрэбны: асабісты выклік ці турыстычная
пуцёўка, ці абгрунтаваньне бізнэсовае мэты візыту ў Чэхію. Акрамя таго,
віза запатрабуе часу. Колькі? Часовы павераны Чэхіі ў Беларусі Алеш Фойцік
сказаў нашаму радыё, што пакуль чэргаў у консульскай службе няма, усе наведвальнікі
абслугоўваюцца ў той жа дзень і праз 3-4 дні, пасьля здачы неабходных папераў,
атрымліваюць візы. “Усе, хто ня мае перашкодаў, візы атрымаюць”, – запэўніў
мяне спадар Фойцік.
Гэтым летам больш складаным стане перасячэньне мяжы і з Украінаю. Бязьвізавы
рэжым з гэтай краінаю застаецца, але зь 1 чэрвеня беларускія дзеці павінны
будуць прад’яўляць украінскім памежнікам пашпарты, а раней дастаткова было
пасьведчаньня пра нараджэньне. Праўда, гэтае лета яшчэ будуць ўлічвацца
адзнакі пра дзяцей у замежных пашпартох савецкага ўзору. Тыя ж, хто мае
новыя пашпарты, на запіс імя свайго дзіцяці ў пашпарце могуць не разьлічваць.
З гэтага году візавы рэжым для грамадзянаў Беларусі ўвяла таксама Балгарыя
– віза ў гэтую краіну каштуе 50 даляраў, а калі вы паедзеце туды аўтатранспартам,
дык майце на ўвазе, што спатрэбіцца й транзытная віза Румыніі. Увогуле,
бязь візы, з дапамогаю ваўчара ці турыстычнае пуцёўкі з краінаў Эўропы,
беларус можа прыехаць толькі ў Югаславію, Харватыю, Славакію ды Польшчу.
Але Славакія зь 1 студзеня гэтак сама, як і Чэхія, увядзе візы. Гэта, дарэчы,
балюча ўдарыць па дзіцячаму турызму ў гэтую краіну, які ў нас дастаткова
разьвіты.
У якім становішчы апынуўся беларус у параўнаньні са сваімі суседзямі?
Грамадзянін Польшчы сёньня едзе бязь візы ў любую краіну Эўропы акрамя
Югаславіі. Гэтак сама, і грамадзянін Летувы – для яго Эўропа адчыненая,
хаця вандроўкі на ўсход сталі больш складанымі. Каб патрапіць у Беларусь,
Расею ці іншыя краіны СНД, летувіну патрэбная віза. А каб празь беларускую
тэрыторыю праехаць у Крым, зь летувіна браткі-беларусы возьмуць грошы й
за транзытную візу.
Але летувінаў, якія б жадалі адпачыць на расейскім ці ўкраінскім узьбярэжжы
Чорнага мора, з кожным годам ўсё меней, яны ўсё часьцей цягнуцца на славутыя
эўрапейскія курорты. Гэтаму спрыяе і рост дабрабыту ў Летуве, дзе заробкі
ўжо ў сярэднім 300 даляраў.
Беларусам з 30-цю далярамі сярэдняга заробку такія адпачынкі не па кішэні.
Застаецца ехаць адпачываць хіба што ў Расею, мяжа зь якою адкрытая. Аднак
адмыслоўцы турыстычнага бізнэсу папярэджваюць – расейскія курорты, напрыклад
Сочы, сталі вельмі дарагімі, адпачынак там даражэйшы, чым у той жа Харватыі,
а вось якасьць абслугоўваньня нізкая. Беларускі санаторый “Белая Русь”
у Туапсэ прадае пуцёўкі за 400 даляраў, і пры гэтым там увесь час праблемы
з гарачай вадою, – папярэджваюць адмыслоўцы. І з сумам канстатуюць, што
сярэдні беларус замест вандровак у сьвет ўсё часьцей абірае ўласнае лецішча,
даехаць да якога пакуль магчыма. Бязь візы і дастаткова танна.
Алег Грузьдзіловіч, Менск