У Тураве стала выходзіць свая штомесячная незалежная газэта на беларускай
мове “Навіны Тураўшчыны”. Складанасьці з рэгістрацыяй, узгадненьне з уладамі
юрыдычнага адрасу, прывялі да таго, што ананімны выдавец не прыводзіць
сваіх выходных зьвестак і выпускае газэту накладам 299 асобнікаў напаўлегальна.
Тым ня менш, такі самвыдат у адрозьненьне ад адзінай афіцыйнай газэты
ў Жыткавіцкім раёне “Новае Палесьсе” карыстаецца непадробнай папулярнасьцю.
Аб сваёй пазыцыі “Навіны Тураўшчыны” заявілі ўжо ў першым нумары ў рэдакцыйным
артыкуле “Віншуем вас з нашым зьяўленьнем”.
“Хто сказаў, – піша газэта, – што на Тураўшчыне не павінна быць свайго
друкаванага выданьня. Мы памятаем той час, калі жыцьцё было іншым, калі
Тураў быў раённым цэнтрам, і ў ім выдаваліся “Ленінскія заветы”. У той
час інфармацыя была замененая на ідэалёгію, а друкаванае слова каштавала
2 капейкі. Мы памятаем і той час, калі Тураў быў цэнтрам магутнага княства
старажытных славянаў, калі ўвогуле газэтаў яшчэ не існавала і пісьмовае
слова цанілася на вагу золата. Мы будзем жыць з нашай памяцьцю, а не выжываць,
як нам прапануе ўлада”.
Газэта расказвае аб праблемах старога места, высілках пасялковага савету
з гэтай нагоды і робіць выснову, што сымбалем дзейнасьці мясцовай улады
можа стаць нават спарахнелы пень. У “Навінах Тураўшчыны” можна прачытаць
шмат такога, чаго ў афіцыйнай раённай газэце “Новае Палесьсе” ня знойдзеш.
Пад рубрыкай “Амаль сэнсацыя” газэта ў другім нумары паведаміла аб ужо
распачатым наборы кандыдатаў у будучую лукашэнкаўскую ніжнюю палату парлямэнту,
у прыватнасьці, па Петрыкаўскім раёне такім кандыдатам вызначаны былы дырэктар
Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”, а зараз ахоўнік рыбных запасаў Беларусі
Мікалай Бамбіза.
У іншых публікацыях ідзе гаворка аб сапраўдным стане і асартымэнце прадуктаў
у крамах Турава, ёсьць паведамленьне аб пікеце ў Дзень Волі і бел-чырвона-белых
сьцягах у Жыткавічах.
Інфармацыя знаходзіць жывы водгук у жыхароў места. І менавіта таму,
заўважае ў адным з нумароў аглядальнік газэты Мірон З., заварушыліся (цытата)
“стукачы-сэксоты, ім ня церпіцца вярнуць грамадзтва да жыцьця пры сталінізме
– распаўсюджваюцца нават плёткі аб нібыта крымінальнай адказнасьці ня толькі
стваральнікаў, але нават чытачоў незалежнага выданьня”. І далей аўтар растлумачвае
так званым ахоўнікам законнасьці і маралі, што выданьне незалежнай газэты
не парушае заканадаўства краіны і скіраванае на аднаўленьне прынцыпаў дэмакратыі
і свабоды слова.
Больш за тое. Выдавец нават зьвярнуўся да чытачоў з тлумачэньнямі адносна
распаўсюджваньня незалежнай газэты, а ў №3 наогул назваў сваю абанэнцкую
скрынку ў паштовым аддзяленьне рйцэнтру Жыткавічы.
Казімір Яноўскі, Гомельская вобласьць