Цікавым у гэтым сэнсе выглядае фармуляр выплаты зарплаты за 1913 год канкрэтнай асобе, выкладчыку Полацкае настаўніцкае сэмінарыі Мікалаю Іосіфавічу Лацковічу. Зь яго вынікае, што выкладчык, маючы казённую дармавую кватэру, атрымліваў у год 600 рублёў “жалаваньня” плюс 550 рублёў так званых сталовак – даплаты за харчаваньне, набыцьцё мэтадычнай літаратуры ды іншыя рэчы. Агулам атрымлівалася каля 100 рублёў у месяц. Пры гэтым, паводле Полацкага даведніка за 1910 год, фунт белага хлеба (гэта прыкладна 410 грамаў) тады каштаваў 8 капеек, фунт цяляціны – 15, бараніны – 13 капеек, а вяндліна каштавала – 20 капеек за фунт. Адпаведна і нявэнджаная каўбаса каштавала 20 капеек, і вэнджаная – 22 капейкі. Заўважым, што цэны тады былі стабільныя ды інфляцыя практычна адсутнічала.
Згаданы Мікалай Іосіфавіч Лацковіч, як сьведчыць дакумэнт, адпрацаваў у сэмінары 20 гадоў, збудаваў за гэты час цагляны дом у цэнтры Полацку і маёнтак за горадам. Дарэчы сказаць, дом гэты і цяпер стаіць на вуліцы Леніна.
Тут жа ў экспазыцыі зьмешчаная раздрукоўка заработнае платы за сакавік сёлета выкладчыка 1 катэгорыі Полацкага пэдагагічнага каледжу. Разам з усімі даплатамі выкладчык атрымаў на рукі 18 тысячаў дэнамінаваны беларускіх рублёў. Пра тое, колькі цяпер каштуе каўбаса і тая ж вяндліна, паведамляць ня будзем, скажам толькі што тое, што дзяля паўнавартаснага сілкаваньня дарослы чалавек, паводле дакладных разьлікаў, мусіць спажываць у месяц, каштуе 20 тысячаў рублёў.
Вінцэсь Мудроў