Пасьля леташняга няўроду і цяжкае зімоўкі, сельская гаспадарка Гомельшчыны
патрапіла ў надзвычай складанае становішча: начныя травеньскія замаразкі
загубілі вялікія плошчы пасеваў збожжавых культураў, рапсу і, нават, шматгадовых
траваў.
Плошчы гэтыя, паводле інфармацыі аблсельгасхарчу, вымяраюцца дзесяткамі
тысяч гектараў, у прыватнасьці азімае жыта і пшаніца загінулі на 47 тысячах
гектараў, што складае 21 атсотку ад агульнай колькасьці пасеваў азімых,
яравыя збожжавыя вымярзьлі на 24 тысячах гектараў – гэта дзесятая частка
ад пасяўной плошчы.
Найбольшую шкоду замаразкі прынесьлі глыбінным палескім раёнам – Жыткавіцкаму,
Лельчыцкаму, Акцябрскаму, Ельскаму, Калінкавіцкаму. Ёсьць такія гаспадаркі,
як, напрыклад, саўгас “Чырвонаслабоцкі” у Акцябрскім раёне, ці калгас “Радзіма”
у Калінкавіцкім, дзе, па сутнасьці, не застаўся цэлым ніводзін гектар збожжавых,
азімых і яравых.
Да замаразкаў цяпер прыбаўляецца яшчэ адна бяда – засуха. Над Палесьсем
гуляюць сухавеі і пыльныя буры. Як паведаміў старшыня абласнога камітэту
па сельскай гаспадарцы і харчаваньні Міхаіл Касюкоў, зараз тэрмінова прымаюцца
меры, каб перасеяць загубленыя культуры. Да 20 траўня дзе ёсьць магчымасьць
– аўсом і ячменем, пазьней – кукурузай і просам. Урад выдзяліў вобласьці
крэдыт у памеры 1 мільёна даляраў на закупку ў Малдове, Расеі і Ўкраіне
насеньня кукурузы і проса, а таксама на набыцьцё мінэральных ўгнаеньняў.
З дзяржаўнага рэзэрву адпушчана 2 тысячы тон дызельнага паліва, аднак рэсурсаў
недастаткова, у прыватнасьці паліва для тэхнікі патрэбна ў два разы болей.
Бракуе фінансаў і на мінэральныя ўгнаеньні, сродкі аховы расьлін, не
хапае і насеньня. Паводле падлікаў сельгасворганаў, агульныя выдаткі на
перасеў збожжавых культур дасягаюць амаль двух з паловай мільярдаў дэнамінаваных
рублёў. Сёлетні катаклізм спэцыялісты схільныя разглядаць, у тым ліку,
як і негатыўнае наступства бяздумнага, татальнага асушэньня палескай нізіны,
якое праводзілася тут 20-30 гадоў таму, калі Беларусьсю кіраваў Пётар Машэраў.
Акурат вада здольная акамуляваць цяпло, ствараць больш вільготны мікраклімат,
а пералескі – ахоўваць палеткі ад пранікненьня халоднага паветра. Цяпер
жа, асушаныя тарфянікі нібы стэп – ні вады, ні пералескаў. І менавіта на
тарфяніках найбольш пацярпелі пасевы ад замаразкаў.
Казімір Яноўскі, Гомель