Як мы раней паведамлялі, брытанскія й галяндзкія навукоўцы прыйшлі да
высновы, што заражаныя ў выніку чарнобыльскай катастрофы тэрыторыі будуць
небясьпечныя значна даўжэй, чым меркавалася раней.
Брытанскі часопіс Naturе (Прырода), які выйшаў у сьвет на мінулым тыдні,
піша, што абмежаваньне на сельскагаспадарчую дзейнасьць на забруджаных
радыяцыйным цэзіем землях трэба захоўваць яшчэ прынамсі 30 гадоў.
Падкрэсьлім – размова ідзе пра наступствы радыяцыі для Вялікай Брытаніі
й Скандынавіі. Што тычыцца Беларусі, сытуацыя выглядае яшчэ больш сур’ёзна.
Паводле зьвестак навукова-дасьледчага інстытуту БелРАД на чале з прафэсарам
Васілём Несьцярэнкам, забруджанасьць прадуктаў харчаваньня за апошнія гады
ў Беларусі ня толькі ня зьменшылася, але наадварот – павялічылася.
У 1993 годзе пункты радыяцыйнага кантролю Гомельскай вобласьці выявілі,
што каля 13 адсоткаў прадуктаў харчаваньня ў прыватным сэктары былі забруджаныя
нуклідамі радыеактыўнага цэзію, у Берасьцейскай вобласьці – 15, у Менскай
– 2 з паловай, і ў Менску – больш як адна адсотка.
А ў 1998 годзе былі забурджаныя ўжо больш за 13 адсоткаў, у Берасьцейскай
– 15 з паловай, а ў Менскай вобласьці – амаль 25 адсоткаў!
Чым тлумачыцца падобны рост?
На думку акадэміка Акадэміі сельскагаспадарчых навукаў Беларусі Івана
Нікітчанкі…
(Нікітчанка: ) “Таму, што няма сродкаў, каб унесьці большую колькасьць
угнаеньняў, пасеяць лепшыя гатункі і атрымаць большы ўраджай. Не атрымліваецца,
і таму канцэнтрацыя цэзія ў прадуктах харчаваньня павялічваецца”.
(Карэспандэнт: ) “Калі я правільна разумею, дык ад якасьці ўгнаеньняў
залежыць колькасьць утрыманьтня цэзію?..”
(Нікітчанка: ) “Так-так. Таму, што радыеактыўны цэзі ў хімічнай табліцы
па абмене рэчываў у арганізме – гэта калій. Ён ідзе і ў кроў, і ў мяккія
тканкі. Калі калію мала, яго замяняе цэзі. І ў расьлінаў таксама, і ў жывёлаў.
Чым болей ураджай, тым менш канцэнтрацыя цэзія”.
(Карэспандэнт: ) “Як ацэньваюцца пэрпэктывы, як доўга яшчэ будзе захоўвацца
небясьпечная канцэнтрацыя цэзію?”
(Нікітчанка: ) “Гэта залежыць ад таго, якая канцэнтрацыя цэзія знаходзіцца
ў глебе. Ёсьць мясьціны, дзе яго ня будзе праз 45 гадоў, а ёсьць мясьціны
– на 200 год і болей. Таму што пэрыяд паўраспаду яго – 30 год. Там дзе
15 кюры – там будзе праз 30 год 7,5 кюры, яшчэ праз 30 – 3,7, яшчэ праз
30 – 1,8 і так далей. Там дзе 15 кюры – недзе на 100 гадоў”.
Разьлікі, якія прывёў акадэмік Нікітчанка, прыблізныя. Менавіта такім
прынцыпам карысталіся спэцыялісты да апошняга часу пры ацэнцы тэрмінаў
ачышчэньня забруджаных сельскагаспадарчых земляў і прадуктаў. Аднак, як
мы ўжо казалі, група з шасьці брытанскіх дасьледчыкаў прыйшла да высновы,
што пэрыяд паўраспаду цэзію-137 у прадуктах можа быць больш доўгі, чымся
лічылася.
Вось што заявіў у інтэрвію інфармацыйнай службе Радыё Свабода (NCA)
кіраўнік групы дасьледчыкаў Брытанскага цэнтру экалёгіі й гідралёгіі Джэймс
Сьміт.
(Сьміт: ) “Мы выявілі, што радыеактыўны цэзі ў прадуктах харчаваньня
пасьля Чарнобыля распадаўся адносна павольна. Канцэнтрацыя цэзію-137 зьмяншалася
першыя некалькі год пасьля аварыі, прыблізна ўдвая кожныя два гады. Аднак,
у апошнія гады мы заўважылі, што распад запаволіўся настолькі, што радыеактыўнасьць
зьмяншаецца толькі напалову за 10-15 год…Выглядае, што ў Беларусі назіраньні
трэба будзе працягваць, мабыць, 50 гадоў і больш”, – лічыць брытанскі навуковец
Джэймс Сьміт.
А гэта азначае, што яшчэ паўстагодзьдзя ў пацярпелых раёнах Беларусі
будзе небясьпечна зьбіраць грыбы, ягады, лавіць рыбу.
Нагадайма – і аб гэтым піша часопіс Naturе, што чарнобыльская катастрофа закранула ня толькі Беларусь, Украіну й Расею. Радыяцыйныя выкіды закранулі таксама краіны Цэнтральнае і Ўсходняе Эўропы, Скандынавію, а таксама Вялікую Брытанію. Адразу пасьля аварыі абмежаваньні на сельскагаспадарчую дзейнасьць у Брытаніі закранулі 389 фэрмаў, на якіх пасьвіліся больш за 200 тысячаў авечак. Радыцыйнае забруджваньне закранула таксама папуляцыю нарвэскага ласося. Менавіта ў Вялікай Брытаніі й Нарвегіі праводзілі згаданыя дасьледаваньні брытанскія й галяндзкія навукоўцы. Але ж гэтыя краіны значна менш пацярпелі ад радыяцыі ў параўнаньні зь Беларусьсю й Украінай. Але ж спецыялісты раяць не здымаць абмежаваньні ў Вялікай Брытаніі і Нарвэгіі цягам насутпных 15 гадоў. Што тычыцца Беларусі, дык паводле словаў акадэміка Нікітчанкі, беларускія навукоўцы ўжо даўно выпрацавалі рэкамэндацыі адносна магчымых шляхоў зьніжэньня ўтрыманьня радыяцыйнага цэзію ў сельскагаспадарчых прадуктах. Але ж гэтыя рэкамэндацыі, як і абмежаваньні ў выкарыстаньні забруджаных прадуктах, улады проста ігнаравалі. Віталь Тарас