Учора зборная Чэхіі па хакеі у фінальнай гульні чэмпіянату сьвету перамагла
зборную Славаччыны, і Прага некалькі гадзінаў нагадвала места, што перажывае
стыхійную навалу. Кожны разумеў: перамога на чэмпіянаце сьвету – сьвята
агульнанацыянальнае… Сьвята, калі хочаце, нацыяналістычнае…Камэнтуе Сяржук
Сокалаў-Воюш.
Розьніца была толькі ў тым, што галасы людзей былі не адчайныя і спалоханыя
а радасныя, і ў руках яны трымалі ня тое, што пасьпелі ў апошні момант
прыхапіць з сабой, а загадзя падрыхтаваныя нацыянальныя сьцягі, загадзя
набытыя пляшкі шампанскага ці піва.
Наўрад ці была ў гэты вечар у Празе хаця б адна машына, якая б саўдзельна
не пасігналіла кампаніям мінакоў. Шмат якія аўтамабілі былі ўпрыгожаныя
чэскімі сьцягамі, а хуткасьць, зь якой яны праносіліся па вуліцах, не цікавіла
нават паліцыю… Людзі весяліліся пырскаліся шампанскім, абдымаліся, сьпявалі
нацыянальны гімн…
Нацыяналізам і спорт – зьявы цесна зьвязаныя паміж сабой. Так было здаўна.
Прынамсі бальшыня ўсходніх спартовых адзінаборстваў маюць у падмурках сваёй
філязофіі і цагліну нацыяналізму. Што ж да Захаду, то і тут спорт і нацыяналізам
зьявы адна адной – не чужыя. Дастаткова прыгадаць фашыстоўскую Нямеччыну,
дзе спартовыя перамогі разглядаліся як у пляне палітычным, так і ў нацыяналістычным,
маўляў, мы мацнейшыя, а значыць лепшыя, значыць вышэйшыя. Тое ж самае мы
назіралі і ў загіблым СССР. Але, калі Нямеччына і СССР мелі адзіна-слушны
погляд на спорт, то сёньняшні плюралістычны Захад раглядае цэлае суквецьце
ацэнак і падыходаў.
Так Генэральны дырэктар ААН у справах адукацыі, навукі і культуры (ЮНЭСКА)
Фэдэрыка Маёр у часе аднаго са сваіх выступаў адзначыў, што спорт ёсьць
паўнапраўным элемэнтам сучаснай культуры, раўнацэнным этыцы і гісторыі.
Спорт, паводле Фэдэрыка Маёра, “стаў самай распаўсюджанай формай сучаснай
культуры”, ён “дапамагае ўзбагачэньню асобы ў той самай ступені, як мастацтва
і паэзія”.
З іншага боку, вядомае выказваньне колішняга прэзыдэнта ЗША Рональда
Рэйгана, што (цытую): “Спорт гэта праява ўзаемнай нянавісьці… Гэта апошняя
магчымасьць, якую нашая цывілізацыя дае дзьвюм асобам для фізычнай агрэсіі.
Спорт – найбольш блізкая да вайны галіна чалавечай дзейнасьці”.
Гэтую тэму разьвівае далей вядомы філёзаф і псыхоляг са Злучаных Штатаў
Эрык Фром, які піша: “гляньце, які вар’яцкі нацыяналізам аб’ядноўвае людзей,
што сочаць за хадой сучасных Алімпійскіх гульняў, якія, нібыта, служаць
справе міру. На самой жа справе, папулярнасьць Алімпійскіх гульняў – гэта
сымбалічны паказ заходняга паганства. Яны ўслаўляюць паганскага героя:
пераможцу, самага моцнага, самага ўпартага, і пры гэтым не заўважаюць пагрознай
сумесі бізнэсу і рэклямы, такой характэрнай для імітацыі тых алімпійскіх
гульняў, якія праводзіліся ў Старажытнай Грэцыі”.
І яшчэ. Сучасныя філёзафы заўважаюць, што спорт становіцца ня толькі
адной з формаў нацыянальнага гонару, а і адным са складовых вызначэньняў
нацыі. Калі раней нацыю аб’ядноўвала ідэя выжываньня і барацьбы із супольнымі
ворагамі, то цяпер, месца гэтых двух чыньнікаў у інтэграваным сьвеце пачынае
займаць спорт. Мясцовыя каманды выклікаюць мясцовы патрыятызам, рэгіянальныя
– рэгіянальны. Каманды ад краіны – нацыянальны. Больш таго, спорт спрыяе
і разьвіцьцю кантынэнтальнага патрыятызму, калі скажам зборная Эўропы па
футболе сустракаецца са зборнай Паўднёвай Амэрыкі або сьвету.
А цяпер ад філязофскіх поглядаў да рэальнасьці.
Пройгрыш расейскай зборнай у чэмпіянаце сьвету па хакеі Расея ацаніла
як нацыянальную ганьбу. Пройгрыш зборнай Латвіі – як ганьбу ў квадраце.
А вось да пройгрышу Беларусам расейцы паставіліся больш спакойна. Затое
самі Беларусы перажылі ў той вечар ля экранаў тэлевізараў ня толькі эйфарыю,
а і пачуцьцё нацыянальнага гонару. Напраўду, Беларусы ня выйшлі пасьля
гэтага сэнсацыйнага посьпеху на вуліцы сваіх мястэчак і не ўзьнялі нацыянальнай
сымболікі, паколькі гэтая перамога была толькі эпізодам, а таксама таму,
што беларуская міліцыя, ув адрозьненьні ад чэскай і славацкай паліцыі,
лічыць, што радасьць можа быць толькі афіцыйна дазволенай і не разумее
несанкцыянаваных агульнанацыянальных сьвятаў.
Цікава, што спартовы патрыятызам зусім не залежыць ад таго, які пашпарт
чалавек мае ў кішэні. Адзін мой знаёмы грамадзянін ЗША, ў якога маці –
чэшка, а бацька – Беларус, на маё пытаньне, на чыім баку былі б ягоныя
сымпатыі ў выпадку, калі б на першае месца прэтэндавалі зборныя ЗША, Чэхіі
і Беларусі адказаў: “Вядома за Беларусь!”
Мае дзеці, шасьці і сямі гадоў, глядзелі па тэлебачаньні гульню Беларусь
– Швайцарыя. Глядзелі спакойна да таго часу, пакуль на экранах тэлевізараў
не зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг. Каб падтрымаць нашых, яны ўзялі плякат
з “Пагоняй” і ўжо не выпускалі яго з рук да канца гульні.
Сяржук Сокалаў-Воюш