Сёньня камісія замежных справаў, абароны і бясьпекі чэскага Сэнату ізноў
вярнулася да беларускіх слуханьняў. Перад іх пачаткам старшыня паседжаньня
Міхаэл Жантоўскі зачытаў ліст і ноту беларускай амбасады ў Празе. У Сэнаце
была прысутная нашая карэспандэнтка Алена Ціхановіч.
У сваім лісьце беларуская амбасада выказвае дыпляматычнае неўразуменьне
з нагоды таго, што чэскі Сэнат так актыўна пачаў займаццца праблемамі правоў
чалавека ў Беларусі. Нагадаю, што першыя слуханьні прайшлі ў сакавіку,
а пасьля таго сэнатары Жантоўскі і Румл наведалі Беларусь і былі ўдзельнікамі
Чарнобыльскага Шляху.
Менавіта з Чарнобыльскага шляху Ян Румл прывез лёзунг “Беларусь у Эўропу”,
які ў яго поўнай форме і выкарыстаў у сваім артыкуле “Дваісты падыход да
Беларусі”. Нота беларускай амбасады ад 11 траўня прысьвечаная менавіта
гэтаму артыкулу – яго аўтар асуджаецца за абразьлівыя выказваньні і зьневажаньне
кіраўніка беларускай дзяржавы. Нагадаю, што з артыкулам Яна Румла мы пазнаёмілі
нашых слухачоў, і ён далей застаецца даступным на нашай старонцы ў Інтэрнэце.
Аднак жа прысутны беларускі дыплямат у кулюарах паседжаньня кінуў на
адрас Румла зьняважлівае “пастух” – згадваючы занятак, якім цяперашні сэнатар
мусіў займацца пад час дысыдэнцтва. Такім чынам, у дагэтуль прэсны зьмест
беларуска-чэскіх дыпляматычных адносінаў дадаецца яўны прысмак пэрсаналізаваных
пачуцьцяў. Румл і Жантоўскі, з аднаго боку сталі вітанымі героямі мітынгаў
апазыцыі, а з другога – нібыта дыпляматычнымі хуліганамі.
Вось афіцыйная пазыцыя, выкладзеная сакратаром беларускага пасольства
Васілём Курловічам:
(Курловіч: ) “Беларускі бок ня можа задаволіць зьмест рэзалюцыі, якую
будуць абмяркоўваць. Пагаджаючыся, што ў Беларусі ёсьць факты, будзем казаць,
няпоўнага датрыманьня правоў чалавека, у той жа час мова ня йдзе пра масавы
парушэньні”.
Мы яшчэ вернемся да зьместу той рэзалюцыі па Беларусі, якую прапануюць
на абмеркаваньне сэнату Румл і Жантоўскі. Але цяпер ізноў – да палеткаў.
Дакладней, пра некалькі сотняў тон чэскага збожжа, пастаўленага Беларусі.
На працягу паўгода абставіны гэтага кантракту застаюцца тэмай вострай дыскусіі
ў чэскіх палітычных і эканамічных колах. Сёньня гэтае абмеркаваньне было
працягнутае на сэнацкай камісіі.
Нагадаю, што летась позьняй восеньню, калі Беларусь была блізкая да
хлебнага крызысу, была заключаная буйная зьдзелка на пастаўкі збожжа з
чэскай кампаніяй. Збожжа прадавалася ў крэдыт, які забясьпечыў Чэскі экспартны
банк. Агульная сума зьдзелкі ацэньваецца на 60 млн. даляраў.
У артыкулах, якімі напоўніўся чэскі друк, задаваліся пытаньні: ці не
падтрымлівае такім чынам Чэская Рэспубліка рэжым Лукашэнкі, ці ёсьць гарантыі
вяртаньня крэдыту і, урэшце, ці ня стане так, што збожжа будзе далей перапрададзенае?
Свае тлумачэньні сёньня з гэтай нагоды давалі ў Сэнаце прадстаўніца
Чэскага экспартнага банку і кіраўнік Дзяржаўнага фонду рыначнай рэгуляцыі
ў сельскай гаспадарцы. Але найбольш адметным стала выступленьне на гэтую
тэму эканамічнага дарадцы беларускай амбасады Мікалая Сарвірава. Вось як
ён прадставіў сітуацыю:
(Сарвіраў: ) “Так склалося гістарычна і геаграфічна, што адны дзяржавы
атрымалі ў спадчыну ад прыроды і ад Бога ўрадлівыя глебы, моры, а іншыя
атрымалі горы. Чэхія мае шчасьце, што землі, на якіх вы жывеце, настолькі
ўрадлівыя, што дастаткова ўваткнуць галінку ці кінуць зернейка, і будзе
добры ўраджай. На жаль, Беларусь ніколі не была краінай, якая вырабляла
дастатковую колькасьць збожжа, і геаграфічна, і прыродна збожжа ня можа
даваць дастаткова. Няўрод збожжавых быў выкліканы паводкай і засухай. Як
прыклад магу прывесьці, што супраць 60-ці цэнтнераў з гектару, што зьбіраюць
у Чэхіі, мы змаглі сабраць каля 17 цэнтнераў з гектару”.
Яшчэ раз падкрэсьлю – 17 цэнтнераў і 60 – так выглядаюць прапорцыі ўраджайнасьці
у Беларусі і Чэхіі – краінах адной кліматычнай зоны аднаго кантынэнту.
Спадар Сарвіраў прызнаўся, што у Чэхіі ён толькі паўтары гады, але і за
гэты час мусіў бы быць знаёмы з жахлівымі вынікамі чэскіх паводак, якія
здараюцца і некалькі разоў на год. Ну а цьверджаньні, што ў Беларусі ніколі
не было добрых ураджаяў пшаніцы я папрасіла пракамэнтаваць Яна Гека, прадстаўніка
названага вышэй чэскага дзяржаўнага фонду рыначнай рэгуляцыі ў сельскай
гаспадарцы:
(Гек: ) “Мне б не хацелася ацэньваць узровень беларускай сельскай гаспадаркі,
таму што я ня меў магчымасьці зь ім пазнаёміцца. Меркаваньні ёсьць розныя.
Кліматычныя ўмовы там спэцыфічныя, але важна і тое, якія ёсьць сродкі мэханізацыі,
як ужываюць агратэхнічныя сродкі – гербіцыды, пестыцыды. Гэта вельмі ўплывае
на ўраджай”.
Спадар Гек не назваў цану, па якой была пшаніца прададзеная Беларусі,
спаслаўшыся на тайну камэрцыйнай зьдзелкі, але заўважыў толькі:
(Гек: ) “Гэта вельмі выгадны кантракт для чэскага боку, вельмі выгадны”.
Тое ж самае ўскосна пацьвердзіў і беларускі эканамічны дарадца спадар
Сарвіраў, які падазрэнні пра магчымы перапродаж пшаніцы парыраваў такім
аргументам:
(Сарвіраў: ) “Кошт, па якім мы купляем чэскае збожжа, настолькі высокі,
што калі мы будзем падаваць збожжа нават па гэтым кошце, бяз выгады, у
нас яго ніхто ня купіць”.
Прадстаўніца Чэскага экспартнага банку сп. Грнчыжава заявіла, што банк
ня мае сумненьняў зь вяртаньнем крэдыту, паколькі яго атрымальнік – Белзьнешэканомбанк
– мае добрую рэпутацыю ў міжнародным бізнэсе.
(Грнчыжава: ) “Першая выплата крэдыту за харчовую пшаніцу будзе ў жніўні”.
Дадзеныя тлумачэньні, выглядае, задаволілі сябраў сэнацкай камісіі,
бо засьведчылі, што зьдзелка была праведзеная без парушэньняў правілаў
міжнароднага гандлю і крэдытаваньня і, ў першую чаргу, выгадная чэскаму
боку.
Пасьля гэтага сэнатары прыступілі да абмеркаваньня праекту рэзалюцыі
па Беларусі і больш за ўсё сумненьняў выказалі адносна пункту пра магчымыя
эканамічныя санкцыі. Гісторыя з пшаніцай паказала, што пэрспэктывы двухбаковага
супрацоўніцтва могуць быць вельмі выгаднымі.
Аднак ініцыятары беларускіх слуханьняў у чэскім сэнаце перакананыя,
што палітычныя ўмовы ў Беларусі ня могуць заставацца ўнутранай справай
гэтай краіны. У бліжэйшы час праект абмеркаванай рэзалюцыі паступіць у
чэскі Сэнат. Магчыма, пытаньне будзе прапанаванае і на пленарнае паседжаньне
парлямэнту.
Чэскія палітыкі плянуюць таксама навязаць цяснейшыя кантакты з прадстаўнікамі
легітымнага парлямэнту Беларусі, агранізаваць у Чэхіі адпачынак дзяцей
беларускіх палітычных вязьняў, а таксама ўсталяваць стыпендыі для студэнтаў
з Беларусі. Да гэтых крокаў, безумоўна, падштурхоўвае і тое, што лягеры
ўцекачоў кожны месяц папаўняюцца новымі і новымі палітэмігрантамі зь Беларусі.
Алена Ціхановіч