14 траўня а 19-й гадзіне ў Менску на Кастрычніцкім
пляцы адбудуцца масавыя нацыянальныя гуляньні. Ёсьць засьцярога, што гэтая
акцыя можа мірна ня скончыцца.
Пяць год таму ў выніку гэтак званага рэфэрэндуму беларускі народ зноў
рэкрутавалі пад савецкія сьцягі таталітарнага часу. Сем стагодзьдзяў беларускае
гісторыі фактычна былі прайгнараваныя. Гістарычныя бел-чырвона-белы сьцяг
і герб “Пагоня” навогул аб’яўленыя па-за законам. Пяць год прыхільнасьць
да гістарычных каштоўнасьцяў караецца лукашэнкавымі законамі. Дзясяткі
людзей пацярпелі толькі за тое, што мелі сьмеласьць не адмовіцца ад ідэі
адраджэньня беларускае мовы й сымболікі.
Менавіта такія людзі, паводле меркаваньня арганізатараў нядзельнага
гуляньня, і прыйдуць у нядзелю, 14 траўня на Кастрычніцкі пляц у Менску.
Ня выключана, што ім у чарговы раз прыйдзецца сутыкнуцца з правакацыямі
цяперашняга рэжыму. Вядома, што спалучэньне белага й чырвонага колераў
служыць для ўладаў найвялікшым раздражняльнікам.
Ініцыявала безпрэцэдэнтную дагэтуль акцыю Беларуская сацыял-дэмакратычная
партыя (“Народная Грамада”). Гуляньні павінны стаць лягічнай кропкаю ў
шэрагу пасьпяховых веснавых акцыяў беларускай апазыцыі. Паводле Мікалая
Статкевіча, нейкага адмысловага дазволу ад уладаў гэтая акцыя не патрабуе,
бо аніякіх палітычных лёзунгаў дэклямавацца ня будзе.
Хоць, несумненна, у маральным сэнсе гэтая акцыя стане альтэрнатывай
гэтак званаму афіцыйнаму сьвяту “герба и флага”. Ад удзельнікаў гуляньняў
не патрабуецца нічога, акрамя невялікага пажаданьня: мець пры сабе атрыбуты
нацыянальных колераў. Менавіта гэта й падкрэсьлівае лёзунг, які будзе адлюстроўваць
ідэю сьвята: “Родная мова, сымбалі Бацькаўшчыны вечныя”.
Пад час акцыі плянуюцца паэтычныя чытаньні, шматлікія конкурсы, выступы
беларускіх бардаў, у тым ліку Віктара Шалкевіча. Мяркуецца, што на пляц
выйдуць як мінімум 5 тысячаў чалавек.
Як павядуць сябе ў гэтай сытуацыі сілавікі, цалкам будзе залежыць ад
Управы нутраных справаў Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту. Матывуючы,
што месцы збору апазыцыі дазволеныя выключна ў парку “Дружбы народаў”,
міліцыянты могуць атрымаць дазвол на разгон мірных людзей. Пакуль што аніякай
афіцыйнае рэакцыі на ідэю гуляньняў ў цэнтры сталіцы не было.
Ігар Карней, Менск