У менскім Міжнародным адукацыйным цэнтры распачалася міжнародная навуковая
канфэрэнцыя “Сучасны палітычны й сацыяльна-эканамічны працэс у Беларусі,
Расеі і Ўкраіне: стан, праблемы, пэрспэктывы”. Канфэрэнцыю зарганізавала
беларуская асацыяцыя палітычных навук.
Такія канфэрэнцыі даюць зразумець, што ў Беларусі йснуюць фундамэнтальныя
навуковыя дасьледаваньні ў галіне паліталёгіі, што навукоўцы бачаць рэальныя
альтэрнатывы цяперашняе сытуацыі і маюць што сказаць беларускаму грамадзтву,
якое пакуль што знаходзіцца на раздарожжы паміж сацыялістычным мінулым
і лібэральнай будучыняй.
Прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі палітычных навук Уладзімер Бабкоў, які
аналізаваў сучасную сытуацыю ў Беларусі, прыйшоў да высновы, што найбольшы
дэфіцыт для нашае краіны – грамадзянская згода. Ён заклікаў у рамках “грамадзка-палітычнага
дыялёгу”, які распачалі ўлады, правесьці й перамовы ураду й апазыцыі, і
ў якасьці першага кампрамісу пайсьці на ўвядзеньне зьмешанае выбарчае сыстэмы,
пры якой 25 адсоткаў парлямэнтарыяў абіраліся б паводле партыйных сьпісаў.
Уладзімер Бабкоў абгрунтаваў свае прапановы й спаслаўся на вынікі сацыялягічных
апытаньняў. У Менску 43 адсоткі рэспандэнтаў выступаюць за перамоўны працэс,
які, як было ў Польшчы ці Гішпаніі, прывёў бы да згоды ў грамадзтве, пераадоленьня
міжнароднай ізаляцыі і ў далейшым да эканамічнага росту.
Аднак ці пачуюць навукоўцаў тыя, хто сёньня прымае ў Беларусі рашэньні.
Гаворыць Уладзімер Бабкоў:
(Бабкоў: ) “Мы, навукоўцы, павінны імкнуцца да таго, каб нас пачулі.
Аднаго разу не пачулі – другі раз пачуюць. Таму мы і сабралі навукоўцаў
з розных краінаў, людзей з рознымі памкненьнямі, з рознымі настроямі, і
спрабуем зразумець, дзе мы знаходзімся, у якім грамадзтве, як і што робіцца
побач у гэтых краінах. Ну і імкнемся зрабіць нейкія навуковыя падсумаваньні,
нейкія падсумаваньні для органаў улады”.
Гаварыў сябра-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі Ўладзімер Бабкоў.
Як зазначалася на канфэрэнцыі, Беларусь у вадрозьненьне ад Расеі і Ўкраіны
з-за процідзеяньня ўладаў вельмі запаволена будуе шматпартыйную сыстэму
й шматукладную эканоміку.
Але ёсьць у трох славянскіх дзяржаваў і супольнае. Як зазначыўдоктар
філязофіі Фелікс Рудзіч з Кіеву, Украіна, Расея і Беларусь будуюць свае
палітычныя структуры як аўтарытарныя рэжымы. Гэта як быццам лягічна пры
пераходзе ад таталітарнага камуністычнага мінулага, і можа прынесьці пэўны
плён у рэфармаваньні эканомікі й грамадзтва, аднак, як лічыць навуковец,
посьпехі, дасягнутыя аўтарытарнымі мэтодамі, ня могуць быць трывалымі.
Пасьля нядаўняга рэфэрэндуму ўсё больш выразнымі рысы аўтарытарызму
робяцца й ва Ўкраіне. Аднак прафэсар Фелікс Рудзіч з Кіеву ня лічыць, што
магчымая трансфармацыя рэжыму Кучмы ў нешта падобнае на тое, што робіць
Лукашэнка.
Гаворыць Фелікс Рудзіч:
“Украіна разьвіваецца як дэмакратычная, сацыяльная праўная дзяржава.
Калі гаварыць пра нейкія рысы аўтарытарнага рэжыму, дык яны нярэдка выяўляюца
ў тым, што прэзыдэнт Украіны, прагнучы паскорыць рэформы й зьдзейсьніць
мадэрнізацыю эканомікі, нярэдка выкарыстоўвае мэтоды, якія можна назваць
аўарытарнымі. Але гэта зусім іншыя мэтоды да тых, што выкарыстоўвае беларускі
прэзыдэнт”, – гаварыў украінскі навуковец Фелікс Рудзіч.
Валер Каліноўскі, Менск