Прамова сябра Палаты Прадстаўнікоў Сэма Гэйдэнсана у Кангрэсе перад
галасаваньнем у справе рэзалюцыі нумар 304. (3 траўня 2000, Капіталійскі
ўзгорак, Вашынгтон)
(Гейдэнсан: ) “Спадар Сьпікэр!
Менш чым за паўгадзіны абмеркаваньня ў гэтай залі мы здолелі пераканаць
адну чвэрць членаў Палаты Прадстаўнікоу стаць суаўтарамі гэтай рэзалюцыі.
Калі б мы мелі больш часу, кожны член гэтай палаты далучыўся б да гэтай
ініцыятывы.
Гэтая рэзалюцыя хутчэй за ўсе не накіраваная ў бок спадара Лукашэнкі,
бо відавочна, што ён ня слухае ані сваіх грамадзянаў (якія перажываюць
найгоршыя эканамічныя цяжкасьці ў параўнаньні з жыхарамі былых савецкіх
рэспублікаў), ані міжнароднае супольнасьці. Ягоная краіна сёньня зьяўляецца
найбольш ізаляванай краінай былога СССР. У той час, калі многія з гэтых
краінаў рушылі на шляху разьвіцьця дэмакратычных інстытутаў і лепшага ўзроўню
жыцьця для сваіх грамадзянаў, у Беларусі, на жаль, і дэмакратычныя інстытуты,
і эканоміка працягваюць развальвацца. Беларускі народ заслугоўвае лепшага.
Я маю надзею, што тыя, хто ўсьведамляюць, колькі шкоды прынес Лукашэнка,
далучацца да апазыцыі, каб дамагчыся зьменаў і выпрацаваць новае дэмакратычнае
пагадненьне дзеля разьвіцьця грамдзянскае супольнасьці.
Мы спадзяемся, што спадар Пуцін і расейскі ўрад паўплываюць на Беларусь,
каб яна ішла наперад да ўсталяваньня дэмакратычных інстытутаў і вольнай
эканомікі. У інтарэсах Расеі, каб ейная суседка разьвівалася дэмакратычным
спосабам і мела мацнейшую эканоміку. Далейшыя паліўна-энэргетычныя субсыдыі
Расеі Лукашэнкаўскаму ўраду толькі пашкодзяць расейскай эканоміцы – у той
час, калі моцная, незалежная, дэмакратычная і вольная Беларусь толькі магла
б дапамагчы расейскай эканоміцы і грамадзтву.
Мы ўсе бачылі гвалт, які чыніць рэжым у Менску. Рэжым спадара Лукашэнкі
жорстка абыйшоўся з дэманстрантамі пад час Маршаў Свабоды. Ен выкінуў з
палітычнае сыстэмы краіны належны выбарчы працэс – і цяпер мы нават чуем,
што ён, магчыма, уцягнуты ў незаконны продаж зброі ўраду Садама Гусэйна.
Спадар Сьпікэр, кожны член гэтае Палаты, які шануе дэмакратыю, кожны
з нашых саюзьнікаў у сьвеце з сумам усьведамляюць, што Беларусь – адзіная
ў постсавецкай эры краіна з такім гаротным станам эканомікі, якая развальваецца,
і дэмакратыі, якой не стае. Нягледзячы на вусныя абяцаньні, Лукашэнкаўскі
рэжым дагэтуль не прыступіў да сапраўднага дыялёгу з апазыцыяй. Гэта сапраўды
вельмі дрэнная прыкмета, і яна не застанецца незаўважанай гэтай Палатай.
У справе Беларусі нашыя эурапейскія саюзьнікі стаяць разам з намі ў апазыцыі
да Лукашэнкаўскага рэжыму.
Мы ня скончым гэтае барацьбы, пакуль добрыя людзі Беларусі не атрымаюць
шанцу на свабоду і лепшае жыцьце”.
(Тэкст рэзалюцыі, а таксама інтэрвію з ініцыятарам яе прыняцьця,
кангрэсмэнам Сэмам Гейдэнсанам ды іншыя прынагадныя матэрыялы чытайце ў
адмысловым разьдзеле “Рэзалюцыя Кангрэсу ЗША” у разьдзеле “Што новага”
на галоўнай старонцы сайту)