У Віцебску актыўна вяртаюць на свае месцы скрадзеныя помнікі. Больш
чым праз паўтары гады вярнуўся на свой п’едэстал 315-кіляграмовы бетонны
бюст палкаводца Суворава, які быў зьнесены легендарным Міронам і кінуты
ў адным з зацішных куткоў. Спробы міліцыянтаў атаясаміць таямнічую асобу
Мірона са старшынёй гарадзкой суполкі Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі
БНФ Уладзімерам Плешчанкам у судзе скончыліся нічым. Аднак спадар Плешчанка,
які, дарэчы, адседзеў у ізалятары больш за 200 дзён, прабачэньняў ад кіраўнікоў
міліцыі і сьледчага не дачакаўся.
Усім зразумела, што бюст ката беларускага народа, які ня мае ніякай
ані гістарычнай, ані эстэтычнай каштоўнасьці, — а гэта было пацьверджана
на судзе экспэртам з аддзелу культуры аблвыканкаму — адноўлены і ўсталяваны
мясцовымі ўладамі толькі па палітычных матывах. Бо трэба неяк выяўляць
сваю прыхільнасьць да саюзу з Расеяй. Каб яго яшчэ раз не скралі, бюст
перададзены на балянс і пад ахову райваенкамату, які знаходзіцца побач.
І цяпер найбольш нявытрыманыя ўдзельнікі розных шэсьцяў, праходзячы каля
бюсту Суворава па вуліцы яго ж імя, куды іх заўсёды накіроўваюць гарадзкія
ўлады, маюць магчымасьць зноўку выказваць у бок расейскага герою ўсё, што
пра яго думаюць.
Калі аднаўленьне бюсту Суворава — справа палітычная, то аднаўленьне
іншага бюсту — мастаку Юдэлю Пэну — справа гонару віцяблян. Ужо пасьля
таго, як было заяўлена пра ўскладаньне кветак пад час “Славянскага базара”
да магілы настаўніка Марка Шагала на Стара-Сямёнаўскіх могілках, помнік
быў раскурочаны.
Трэба аддаць належнае віцебскім міліцыянтам: яны хутка знайшлі злодзея
— пятнаццацігадовага вучня адной са школаў. Той прывёў сьледчых да нелегальнага
пакупніка каляровых мэталаў, якому прадаў бронзу за восем з паловай тысячаў
рублёў. Ад таго патрапілі на расейскі сьлед. Зараз бюст мастака, вялікую
шыльду зь яго прозьвішчам і гадамі жыцьця і гэткую ж вялікую бронзавую
палітру вярнулі з Расеі. Але за краты, у адрозьненьне ад спадара Плешчанкі,
ніхто не патрапіць, хоць гэты помнік якраз мае і мастацкую, і гістарычную
каштоўнасьць. Бо адзін — непаўнагадовы, другі — просты пакупнік, а галоўныя
дзеючыя асобы — наогул у саюзнай дзяржаве. Ды й гэта ж не палітычная акцыя,
а звычайнае дзікунства!
Алег Жукоўскі, Віцебск