Амаль усе недзяржаўныя беларускія грамадзка-палітычныя выданьні адмовіліся
браць удзел у выставе “Прэса-2000”, якая адкрылася сёньня ў Менску пад
эгідаю Дзяржаўнага камітэту ў справах друку. Тым ня менш, старшыня камітэту
Міхал Падгайны лічыць, што выстава атрымалася ўдалай.
На выставе, што адкрылася сёньня ў менскім Палацы мастацтва, рэдакцыі
беларускіх газэтаў і часопісаў рэклямавалі свой друкаваны тавар. Дзяржаўныя
выданьні былі прадстаўленыя самыя розныя: ад “саліднай”, як яна сама сябе
называе, прэзыдэнцкай «Советской Белоруссии» да раёнак пад архаічнымі назвамі
кшталту «Шлях Ільіча» ці «Сцяг камунізма». Недзяржаўныя выданьні пераважна
прадстаўлялі газэты й часопісы забаўляльнае тэматыкі. Былі й расейскія
выданьні, што працуюць на беларускім рынку – «Известия», «АиФ» ды «Комсомольская
правда».
Першапачаткова плянавалася, што ў выставе возьмуць удзел і апазыцыйныя
мас-мэдыі, а таксама Беларуская асацыяцыя журналістаў. Для рэдакцыяў недзяржаўных
газэтаў не было перашкодай і тое, што за разьмяшчэньне свайго павілёну
на выставе яны мусілі заплаціць каля трох тысячаў даляраў.
Аднак пасьля падзеяў 25 сакавіка, калі міліцыяй і нутранымі войскамі
было затрымана 35 журналістаў, кіраўніцтва БАЖу адмовілася браць удзел
у гэтай дзеі ды заклікала зрабіць тое самае рэдакцыі недзяржаўных газэтаў
– пакуль улады ня знойдуць вінаватых у парушэньні правоў журналістаў.
Тым ня менш, адное апазыцыйнае выданьне – «Белорусская Деловая Газета»
– у сёньняшняй выставе ўдзельнічала. Вось як патлумачыў пазыцыю сваёй рэдакцыі
дырэктар маркетынгу БДГ Аляксандар Вялікі:
“Шчыра кажучы, нам незразумелая пазыцыя Асацыяцыі журналістаў. Калі
мы не пакажам, што ёсьць незалежныя СМІ, як людзі даведаюцца пра нас? Мне
здаецца, зьмешваць палітычныя падзеі 25 сакавіка й гэтую выставу, якую
зарганізаваў Камітэт у справах друку, а не Міністэрства нутраных справаў,
няслушна”, – паведаміў нашаму радыё спадар Вялікі.
Дырэктар маркетынгу БДГ спадзяецца, што ўдзел у выставе дапаможа газэце
знайсьці новых спонсараў ці рэклямадаўцаў.
Узьнёслы настрой быў сёньня і ў гаспадара выставы, старшыні Дзяржаўнага
камітэту ў справах друку Міхала Падгайнага, які павіншаваў прысутных зь
Міжнародным днём свабоды прэсы.
Міхал Падгайны лічыць, што свабода прэсы ў Беларусі гарантавана законам,
аднак свабода, маўляў, патрэбная толькі там, “дзе, навучыўшыся гаварыць,
навучыліся думаць”. А вось як ставіцца спадар Падгайны да адмовы Беларускай
асацыяцыі журналістаў ад удзелу ў выставе і ўвогуле да падзеяў 25 сакавіка:
“Мы ня сталі б разьдзьмуваць нейкую канфрантацыю. Мы ня бачым падставы
дзеля таго, каб БАЖ не прымала ўдзел у сёньняшняй выставе. Што ж тычыцца
падзеяў 25-га – дык гэта прыкрая падзея, адразу хачу сказаць. Я вам шчыра
скажу, калі я паглядзеў гэтую карцінку і ўбачыў, што бралі журналістаў,
я сказаў, што большай дурасьці прыдумаць ужо немагчыма. Гэта тое самае,
што токара адрываць ад станка, таму што ён працуе. Гэта праца журналістаў,
яны ня ўдзельнічаюць у санкцыянаваным ці несанкцыянаваным мітынгу – яны
працуюць”, – паведаміў старшыня Дзяржаўнага камітэту ў справах друку Міхал
Падгайны.
Што ж тычыцца фактаў адмовы мясцовых уладаў рэгістраваць некаторыя незалежныя
рэгіянальныя выданьні (найперш, гарадзенскую газэту “Рэпарцёр”), дык спадар
Падгайны гаворыць, што нічым ня можа дапамагчы, бо, маўляў, такі закон.
А нязгодным з адмовай у рэгістрацыі журналістам Міхал Падгайны параіў падаваць
на чыноўнікаў у суд.
Альгерд Невяроўскі, Менск