Прадстаўнікі беларускай апазыцыі зьбіраюцца адзначыць так званы дзень
яднаньня народаў Беларусі й Расеі 2 красавіка ўскладаньнем кветак да помніку
Янку Купалу ў Менску й адмысловай малітвай у памяць пра загінуўшых за незалежнасьць
краіны. Гэтыя ўрачыстасьці пачнуцца ў нядзелю а 12-й гадзіне ў менскім
парку Янкі Купалы.
Арганізатарам гэтага мерапрыемства выступілі прадстаўнікі Каардынацыйнае
Рады дэмакратычных сілаў.
Яшчэ пад час мітынгу 25 сакавіка лідэр “Народнай Грамады” Мікола Статкевіч
заклікаў людзей прыйсьці 2 красавіка да помніка беларускаму песьняру, ускласьці
кветкі й узгадаць усіх тых, хто загінуў за Беларусь. Паводле словаў сп.Статкевіча,
“ў гэты нялёгкі для нашай дзяржаўнасьці час трэба паказаць, што мы памятаем
тых, хто змагаўся за незалежнасьць Бацькаўшчыны, калі трэба – гатовыя паўтарыць
іх шлях, і ніхто ня здолее нас запалохаць”.
Гэты заклік Статкевіча падтрымалі прадстаўнікі асноўных апазыцыйных
партыяў Беларусі й сьвятары некаторых канфэсіяў. На думку арганізатараў,
акцыя, што мае адбыцца 2 красавіка, ня ёсьць мітынгам, дэманстрацыяй ці
пікетам, і на яе правядзеньне не патрэбны спэцыяльны дазвол гарадзкіх уладаў.
Гаворыць прэсавы сакратар Сацыял-Дэмакратычнай партыі ”Народная Грамада”
Лявон Дзейка:
(Дзейка: ) “Гэтая акцыя ня будзе звышмасавай. Яна ніякім чынам не перашкодзіць
людзям свабодна праводзіць вольны час. Парк ьЯнкі Купалы вельмі вялікі,
пляцоўка каля яго – таксама, і там ніхто нікому ніколі не перашкаджаў нават
тады, калі там ладзіліся рок-канцэрты, буйныя мітынгі. Гэта ніяк ня можа
перашкодзіць ані руху транспарту, ані руху звычайных пешаходаў”.
Аднак прэсавы сакратар “Народнай Грамады” лічыць, што ад нашых уладаў
можна чакаць усяго, нават самых нечаканых і бессэнсоўных дзеяньняў ў адносінах
да апазыцыянэраў, як гэта было 25 сакавіка.
Тым ня менш, арганізатары акцыі спадзяюцца, што ва ўладаў хопіць развагі
2 красавіка не паўтараць памылак Дня Волі.
У Менгарвыканкаме нашаму Радыё паведамілі, што пакуль ніякага рашэньня
наконт нядзельнай акцыі не прымалася – маўляў, арганізатары ніякіх заявак
з гэтай нагоды не падавалі, і на ўскладаньне кветак ніякі дазвол не патрабуецца.
А прэсавы сакратар сталічнай управы міліцыі Натальля Лапо сказала, што
міліцыя прысутнічае на ўсіх мерапрыемствах, што праводзяцца ў Менску, але,
на яе думку, сытуацыі, калі адны беларусы зьбіваюць і затрымліваюць іншых
беларусаў, паўтарыцца не павінна.
Альгерд Невяроўскі, Менск