Міхаiл Чыгір і ягоныя адвакаты заявілі пра недавер экспэрту Петракову
зь міліцэйскага крыміналістычнага цэнтру, які пад час сьледзтва выконваў
банкаўскую экспэртызу. Экс-прэм’ер лічыць экспэрта заангажаваным і некампэтэнтным,
аднак суд з аргумэнтамі абвінавачванага не пагадзіўся.
Міхаiл Чыгір ня раз ўжо заяўляў на судзе, што сьледчыя прадэманстравалі,
на ягоны погляд, некампэтэнтнасьць у банкаўскіх пытаньнях, якія стаяць
у цэнтры ягонае справы. Аднак гэта сьледчыя, яны не спэцыялісты у фінансах.
А які ўзровень кампэтэнтнасці ў спэцыялістаў і экспэртаў банкаўскае сфэры,
што былі задзейнічаныя пад час сьледзтва? Праверыць гэта была магчымасьць
пад час сёньняшняга паседжаньня.
Рэвізорка Міністэрства фінансаў Вольга Бажэнкова падпісала летась дакумэнт,
які ў значнай ступені дапамог сьледчым абвінаваціць Міхаiла Чыгіра ў крадзяжы
мільёна даляраў ды ў парушэньнях крэдытаваньня. Аднак сёньня пад час апытаньня
Бажэнкова ня здолела пераканаўча адказаць на пытаньні, якія тычыліся ейнае
кампэтэнцыі. Аказалася, яна ня ведае інструкцыяў, на падставе якіх рабіла
некаторыя высновы, ня можа назваць і прозьвішчы спэцыялістаў, зь якімі
кансультавалася.
“Рэвізорка кантрольна-рэвізійнае ўправы Міністэрства фінансаў, а адказвае,
як двоечніца”, – пракамэнтаваў словы Бажэнковай Міхаiл Чыгір. А ягоны адвакат
Аляксандар Пыльчанка заўважыў, што ў сваіх заключэньнях рэвізорка Бажанкова
спасылалася, у тым ліку, на дакумэнты, прынятыя празь пяць гадоў пасьля
падзеяў, якія разглядаюцца ў судзе.
Яшчэ больш пытаньняў у Чыгіра й абароны ўзьнікла да экспэрта Яўгена
Петракова, подпіс якога стаіць пад фінансавай экспэртызаю “Белаграпрамбанку”.
Высьветлілася, што ў свае 23 гады выпускнік недзяржаўнага Інстытуту правазнаўства
год папрацаваў у аддзеле барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю Кастрычніцкага
РАУС, на шасьцімесячных курсах вывучаў сакрэты банкаўскае справы й цяпер
выступае ў якасьці экспэрта крыміналістычнага цэнтру Міністэрства нутраных
справаў. Між тым сваю кампэтэнцыю у банкаўскіх справах Яўген Петракоў пад
сумнеў ня ставіць…
“Служба наша маладая, яна дзейнічае ўсяго два гады, але пытаньне кампэтэнтнасьці
– гэта асабістае пытаньне. Я лічу сябе дастаткова кампэтэнтным”, – сказаў
нашаму радыё экспэрт Петракоў.
Між тым, абарона заўважыла, што экспэрт працуе ў структуры, якая падпарадкаваная
Міністэрству нутраных справаў, што сьведчыць пра яўную ангажаванасьць экспэрта,
таму адвакаты хадайнічалі пра адхіленьне Петракова.
Пра недавер яму выказаўся йі Міхаiл Чыгір:
(Чыгір: ) “Прапанавалі правесьці экспэртызу спэцыялісту Міністэрства
ўнутраных справаў. Па-першае, сьледчыя дзеяньні праводзіла Міністэрства
ўнутраных справаў, і – іх жа экспэрт. Ён мае юрыдычную адукацыю. Па-другое,
ён у сваіх заключэньнях нарабіў столькі памылак, якія не зрабіў бы самы
шараговы бухгальтар у любой фірме. Само сабой разумеецца, што мы заяўляем
адвод гэтаму экспэрту. Любы спэцыяліст, які пазнаёміцца з вынікамі экспэртызы,
адразу скажа, што тут напісана ня тое, што ёсьць на самай справе”.
Гэта быў Міхаiл Чыгір, які далучыўся да хадайніцтва пра адхіленьне экспэрта
крымінальнага цэнтру міліцыі Петракова. Суд на працягу 30 хвілінаў абмяркоўваў
гэтае хадайніцтва, але ўрэшце рэшт яго не задаволіў. Абарона Чыгіра пасьля
гэтага настойвае на прызначэньні новай экспэртызы.
Алег Грузьдзіловіч, Менск