Агульны “хапун” пад час Дня Волі не абмінуў і Віцебск. Як ужо паведамляла
Радыё Свабода, некалькі чалавек былі арыштаваныя яшчэ да пачатку дазволенага
ўладамі шесьця. За ўчорашні дзень была ўдакладненая лічба затрыманых. Сёньня
адбыліся суды.
У пастарунку Кастрычніцкага РАУС пратаколы былі складзеныя на 7 асобаў,
якіх адразу накіравалі ў раённы суд, які, нягледзячы на выходны дзень,
канешне ж, працаваў. У выніку тры дэманстранты – Зьміцер Піменаў, Генадзь
Васілевіч і Юрась Карпаў атрымалі па трое сутак. Як здолеў паведаміць па
тэлефоне сваёй маці апошні, у знак пратэсту ўсе яны на ўвесь тэрмін зьняволеньня
аб’явілі галадоўку.
Валерыя Канавалава той жа Кастрычніцкі суд аштрафаваў на 20 мінімальных
заробкаў ці 44 тысячы дэнамінаваных рублёў. Ігар Марозаў, Уладзімер Акулаў
і Віталь Мялешка папярэджаныя. Траім – дэпутату Вярхоўнага Савету 13-га
скліканьня Валерыю Шчукіну, галоўнаму арганізатару мерапрыемства Ўладзімеру
Плешчанку і затрыманаму зь бел-чырвона-белым сьцягам Раману Салаўяну прыйшлося
цяжэй. У Чыгуначным раёне не былі падрыхтаваныя да арыштаў, таму іх суд
перанесьлі на сёньня.
Лідэры маладзёвай арганізацыі “Сёмая грань” Вольга Карач і Вячаслаў
Краўчук два дні прыходзілі да прыймальніка-разьмеркавальніка, каб перадаць
свайму госьцю Шчукіну і яго сябрам па няшчасьці прадукты харчаваньня, але
ў гэтым ім было адмоўлена. Спачатку дзяжурныя сьцьвярджалі, што зьняволеныя
атрымліваюць ежу з рэстарацыі “Надзея”, потым жорстка павыкідвалі настойлівых
наведвальнікаў. Пры гэтым Вользе парвалі кажушок.
Сёньня ўжо з 8-мі раніцы каля дзясятка “сямігранцаў” чакалі на ганку
суда, куды іх і яшчэ некалькіх чалавек, у тым ліку і журналістаў, міліцыянт
так і не пусьціў.
Толькі каля дванаццаці гадзінаў даведаліся, што Плешчанка, Салаўян і
Шчукін адмовіліся пад аховай ісьці ў суд, і судзьдзя Сьвятлана Туф?н сама
накіравалася ў пастарунак Чыгуначнага РАУС да затрыманых. Хутка стала вядома,
што Уладзімеру Плешчанку яна аб’явіла дзесяць, а Раману Салаўяну – пяць
сутак арышту. Разгляд справы Валерыя Шчукіна працягваўся з дванаццаці гадзінаў
і а пятай (на момант перадачы матар’ялу) яшчэ ня скончыўся.
Падрабязнасці працэсу таксама невядомыя, бо нікога туды не дапусцілі.
Адзінае, што міліцыянты дазволілі перадаць прадукты харчаваньня.
Алег Жукоўскі, Віцебск
(Як стала вядома а палове на сёмую вечара са словаў дзяжурнага Чыгуначнага РАУС,
Валеры Шчукін атрымаў 10 сутак арышту)