Сьведчаньне ўдзельніцы сёньняшніх падзеяў на вуліцах Менску, сябры Сойму
Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Валянціны Мароз.
(Мароз: ) “Мы былі сьведкамі таго, як міліцыя, заламаўшы рукі, уцягнула
ў аўтобусы і павезла ў невядомым накірунку ўсё кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскай
партыі – Чахольскага, Крыварота, Беленькага…
Арыштаваныя таксама – гэта адбывалася на нашых вачах – сябры Менскіх
радаў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі спадар Новік і Пагарцаў.
Вельмі шмат арыштавана моладзі, людзей, якія выглядалі на ўзрост меней
за 16 год. Відаць, міліцыя выхоплівала іх, каб застрашыць. Іншых – каб
стварыць атмасфэру такога запалохваньня.
Я лічу, што паводзіны міліцыі былі брутальныя. Таму што ад вакзалу да
канца праспэкту былі выстаўленыя амапаўцы. Яны стаялі па два бакі праспэкту.
І адпаведным чынам – хто глядзеў на людзей на ходніках, а хто – на машыны.
Але і машыны некаторыя, як я заўважыла, сыгналілі. Ім было хоць і няўтульна,
але яны выканалі сваю ролю.
Ніхто нікому не прадстаўляўся. Адзінае, што былі праз узмацняльную апаратуру
агучаныя тэксты пра тое, што мы павінны разыйсьціся, што мітынг – на Бангалёр,
што тут – не дазволены, што тут будуць хапаць тых, хто не адыйдзе ад так
званых удзельнікаў мітынгу. Хоць пазнаць, хто ўдзельнік мітынгу, а хто
– не, нельга было. Людзі ўсе стаялі разам, гуртаваліся калі філярмоніі,
каля гастранома “Сталічны” і каля ЦУМа. Уся гэтая прастора была запруджаная
людзьмі. Іх час ад часу амапаўцы з дубінкамі штурхалі то ў адзін бок, то
ў другі, і такім чынам ішло паляваньне на людзей. Яны выхоплівалі па адным
чалавеку…” (плача)