Сёньня

Першы рэпартаж нашага карэспандэнта Валера Каліноўскага з плошчы Якуба Коласа ў Менску.

(Каліноўскі: ) “Менск сёньня выглядае як акупаваны горад. Плошча Якуба Коласа ачэпленая з усіх бакоў АМОНам і ўнутранымі войскамі, а ўздоўж праспэкта Скарыны аж да плошчы Незалежнасьці цягнуцца два ланцугі вайскоўцаў унутраных войскаў. Яны экіпіраваныя гумовымі дручкамі і супрацьгазамі.

Сёньня раніцай яшчэ за дзьве гадзіны да пачатку акцыі, як мне паведаміў сьведка, Лявон Дзейка, з боку Уручча ў Менск ішло прыблізна 50 машынаў з вайскоўцамі ўнутраных войскай і сем бронетранспартэраў.

Я прайшоўся па праспэкце за паўтары гадзіны да пачатку акцыі. Два бронетранспартэры зь міліцэйскімі адзнакамі я пабачыў на плошчы Якуба Коласа, чатыры – на плошчы Перамогі, адзін – на Кастрычніцкай плошчы.

Зараз 12 гадзін 15 хвілін. Афіцыйна лічыцца, што акцыя павінна распачацца на плошчы Якуба Коласа, але на плошчы я ня бачу ніводнага цывільнага чалавека – толькі міліцыянты з сабакамі. Тут жа на плошчы прыпаркаваныя некалькі машынаў хуткай дапамогі, пажарныя машыны і спэцыяльныя машыны з гукаўзмацняльнікамі.
Толькі што з такой машыны папярэдзілі людзей, што сабраліся ля Філярмоніі, што праз некалькі хвілінаў іх пачнуць адсоўваць. Міліцыя папрасіла тых, хто не прыйшоў на акцыю, адыйсьці, каб не пацярпець здарма”.

(Караткевіч: ) “Валер, колькі цяпер людзей ля Філярмоніі?”

(Каліноўскі: ) “Ля Філярмоніі – некалькі сотняў чалавек, але яны разышліся ў розныя бакі. Справа ў тым, што ўсе падземныя пераходы на плошчы Якуба Коласа перакрытыя. Людзі ўвогуле ня маюць магчымасьці недзе сканцэнтравацца. Яны сабраліся на скрыжаваньнях 5-6 вуліцаў, што выходзяць на плошчу, і на прыпынках грамадзкага транспарту і чакаюць далейшага разьвіцьця падзеяў”.

(Караткевіч: ) “Ці ёсьць на плошчы нехта з арганізатараў сёньняшняга сьвяткаваньня 82-х угодкаў утварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі?”

(Каліноўскі: ) “Я быў у двух-трох месцах – нікога не пабачыў. Бачыў некалькіх актывістаў Беларускага Народнага Фронту, але кіраўніцтва я ня бачыў.

Яшчэ хачу паведаміць, што на гэты момант за апошнія паўгадзіны адбылося некалькі затрыманьняў тых людзей, якія паспрабавалі выйсьці на плошчу Якуба Коласа. Насупраць мяне, у накірунку Камароўкі, таксама было некалькі патасовак, і толькі што адыйшоў “уазік” із затрыманымі. Усюды блішчаць каскі спэцназу, усё перакрыта, так што акцыя пачынаецца…”

(Караткевіч: ) “Як вы думаеце, ці будзе выкананая сёньняшня праграма, я маю на ўвазе мітынг?”

(Каліноўскі: ) “Зараз цяжка сказаць, ці ў такой атмасфэры адбудзецца мітынг. Вось толькі што два міліцыянты схапілі дзяўчыну, вырвалі ў яе бел-чырвона-белы сьцяг і павялі ў варанок…

(Галасы: ) “Ганьба, ганьба, ганьба, ганьба…”

(Каліноўскі: ) “Вось насупраць вуліцы Веры Харужай я бачу мастака Аляксея Марачкіна, іншыя вядомых людзей. Магчыма, там ёсьць кіраўніцтва. Зараз паспрабую да іх падыйсьці…

Спадар Марачкін, як вы лічыце, ці адбудзецца сёньня мітынг?”

(Марачкін: ) “Я лічу, што будзе. Я, як сябра аргкамітэта… мы вырашылі традыцыйна сабрацца тут, як заўсёды, на плошчы Якуба Коласа, далей трэба па абставінах глядзець і ісьці на Бангалёр. Там мітынг дазволены ўладамі. Я думаю, што праз якіх поўгадзіны там зьбяруцца людзі. Бачыце, яны зрабілі ўсё, каб ачапіць плошчу і не пусьціць людзей. Гэтага дабіліся. А людзі ўсё падыходзяць і падыходзяць.

Галоўнае, што тыя, хто ачапіў плошчу, не разумеюць, што апазыцыя для таго і створаная, каб даць беларусам нейкае іншае выйсьце з гэтага становішча.

У гэты час ён едзе ў Эміраты, грамадзянін Лукашэнка, каб усю віну за нейкія канфлікты пакласьці на сілавыя структуры, якія сьлепа выконваюць ягоныя ўказы. Асабліва тады, калі ў горадзе – новы мэр, а стары – пайшоў на новую пасаду. Гэта не дадасьць ніводнага голасу за Лукашэнку. Ганьба.

Усе мы, хто тут стаіць, дзякуючы Беларускай Народнай Рэспубліцы, жывыя і здаровыя і маем магчымасьць стварыць сваю дзяржаву. Калі б яе не было, дык мы былі б Севера-Западным краем. І каб пасьля пачаўся вызвольны рух, дык у нас было б тое ж, што ў Чачні. Нас бы тут “мачылі в сарціры”.

(Караткевіч: ) “Скажыце Аляксей, такая канцэнтрацыя войскаў супраць мірных дэманстрантаў…Як можна патлумачыць такое?”

(Марачкін: ) “Я думаю, што ўсё, што тут адбываецца, натуральнае для гэтай улады. Таму што іначай пасьля Маршу Свабоды, каб нам далі магчымасьць свабодна прайсьці да плошчы Бангалёр, гэта яшчэ раз засьведчыла б, што мы жывем у нібыта дэмакратычнай краіне. Але не. Зараз маем пацьверджаньне, што жывем у дыктатуры, у рэжыме. Тут – акупацыя”.

(Караткевіч: ) “Дык ці будзе мітынг?”

(Каліноўскі: ) “Мітынг будзе. Толькі што паведамілі аб гэтым. Як людзі будуць дабірацца, пабачым пазьней”.