Рэакцыя на сёньняшнія падзеі ў Менску дакладчыка ў справе Беларусі Парлямэнцкай
Асамблеі Рады Эўропы Вольфганга Бэрэндта і супрацоўніка сэктару Беларусі
Дзяржаўнага Дэпартамэнту ЗША Джона Армстранга.
(Бэрэндт: ) “Я думаю, што гэта вельміі сур’ёзнае здарэньне, і яно павінна
быць вельмі моцна асуджанае. Я ня бачу магчымасьці, калі ня будзе ніякай
рэакцыі на сёньняшнія падзеі з боку самога Лукашэнкі, што дыялёг будзе
мець нейкі сэнс. І я цалкам разумею, калі апазыцыя ад яго адмовіцца.
Пасьля сёньняшніх падзеяў я ня веру, што могуць адбыцца свабодныя і
справядлівыя выбары. Бо не аднойчы падкрэсьлівалі, што права праводзіць
мірныя дэманстрацыі і доступ да СМІ зьяўляюцца перадумовамі для такіх выбараў.
Так што ў мяне паўстаюць сумненьні, што гэтая мэта наогул рэальная.
Калі ўлады будуць надалей працягваць такія дзеяньні, то Беларусь апынецца
ў яшчэ большай ізаляцыі. Я ня бачу, як можа быць канструктыўны дыялёг,
калі рэжым захоўваецца так брутальна”.
(Карэспандэнт: ) “Якую афіцыйную рэакцыю можна чакаць з боку Парлямэнцкай
Асамблеі Рады Эўропы?”
(Бэрэндт: ) “У сераду я быў у Брусэлі і гутарыў з калегамі ў Эўрапейскім
Парлямэнце. Мы ня ведалі тады аб сёньняшніх падзеях, але сабраліся, каб
рэагаваць на судовы прысуд Клімаву. Зараз я даведаўся пра сёньняшнія падзеі
і пляную скантактавацца зь імі ў панядзелак. Я думаю, што мы адрэагуем
вельмі моцна – бо тое, што адбылося, зьяўляецца сур’ёзным крокам назад
для дэмакратычнага разьвіцьця”.
(Карэспандэнт: ) “Калі Вы мяркуеце ізноў паехаць у Менск?”
(Бэрэндт: ) “Пакуль няма вызначанай даты. Было заплянаванае спатканьне
ў Вене, каб абмеркаваць тэхнічныя пытаньні ў сувязі з выбарамі, але пасьля
сёньняшніх падзеяў я вельмі сур’ёзна сумняюся, ці ёсьць у гэтым сэнс, бо
я ня бачу магчымасьцяў для правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў”.
Гутарыў
Максім Лукашэвіч
***
Джон Армстранг, супрацоўнік сэктару Беларусі Дзяржаўнага Дэпартамэнту
ЗША, напярэдадні дэманстрацыі заявіў наступнае:
(Армстранг: ) “За любы гвалт адказны рэжым. Калі ён, нават, ня можа
дазволіць мірны марш, ня можа быць і гаворкі пра свабодныя і справядлівыя
выбары”.