Сёньня

(эфір 22 сакавіка)
Сяргей Козар, студэнт 2 курсу геаграфічнага факультэту БДУ, які ўтрымліваўся пад вартаю ў Менскім СІЗА за напад на карэспандэнта тэлекампаніі НТВ Аляксандра Каўпакова пад час “Маршу Свабоды – 2”, адпушчаны пад падпіску аб нявыезьдзе.

З сёньняшняга дня Сяргей Козар можа наведваць заняткі ва ўнівэрсытэце: ён адпушчаны з-пад варты пад падпіску аб нявыязьдзе. Нагадаем: 15 сакавіка, напачатку “Маршу Свабоды – 2”, Сяргей Козар ударыў у твар карэспандэнта НТВ Аляксандра Каўпакова.

У сьледчым аддзеле Савецкага РАУСу супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу паводле артыкулу 201 часткі 2 Крымінальнага кодэку (злоснае хуліганства, якое было ўчыненае з асаблівым цынізмам і скіраванае на парушэньне грамадзкага парадку), за што прадугледжанае пакараньне да пяці гадоў пазбаўленьня волі.

На наступны дзень пасьля інцыдэнту Аляксандар Лукашэнка пад час сваёй паездкі ў Мікашэвічы параіў Аляксандру Каўпакову пашкадаваць хлопца – маўляў, той яшчэ малады й гарачы. 17 сакавіка карэспандэнт НТВ напісаў заяву сьледчаму, у якой прасіў сьледчыя ворганы спыніць крымінальную справу, спаслаўшыся на тое, што прэтэнзіяў да Сяргея Козара ня мае.

Але сьледзтва не сьпяшалася адразу вызваляць правапарушальніка з-пад варты. Крымінальная справа пакуль ня спыненая. Дэкан геаграфічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту спадар Пірожнікаў паведаміў “Радыё Свабода”, што Сяргеем Козарам будзе займацца намесьнік дэкана ў вучэбна-выхаваўчай працы.

Я спытала дэкана: “Чаму Сяргей Козар выклікаў спачуваньне з боку ўладаў і дэканату, а вось Павал Севярынец, лідэр “Маладога Фронту”, які таксама зьяўляецца студэнтам гэтага факультэту, быў выключаны з унівэрсытэту? І, калі супраць яго была ўзбуджаная крымінальная справа за ўдзел у апазыцыйнай акцыі, за яго ніхто не заступіўся?”. Спадар Пірожнікаў ня здолеў даць пэўнага адказу, спаслаўшыся на тую абставіну, што, калі цкавалі Паўла Севярынца, ён яшчэ ня быў дэканам.

Любоў Лунёва, Менск