Гаворка йдзе пра ўказаньне ад 28 траўня мінулага году, дадзенае генэральным пракурорам Алегам Бажэлкам кіраўніку сьледчага камітэту Леаніду Глухоўскаму.
Нагадаю, у той час Міхал Чыгір ужо быў у ізалятары на вуліцы Валадарскага, пракуратура заяўляла, што ён падазраецца ў крадзяжы дзяржаўнае маёмасьці ў буйных памерах, але доказаў гэтага абвінавачваньня ў сьледчых не было аніякіх. Інакш не было б гэтага дакумэнту, у якім на трох старонках падрабязна расьпісана, куды трэба сьледчым паехаць і што зрабіць, каб адшукаць (цытую ўказаньне) “доказы злачыннае дзейнасьці“ Чыгіра.
Алег Бажэлка, такім чынам, быў перакананы, што былы прэм’ер – злодзей. У першым пункце свайго цыркуляру ён даручае сьледчым зьезьдзіць у Маскву й спраўдзіць “незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць Чыгіра ў Маскве безь ліцэнзіі і ўхіленьне ад уплаты падаткаў і разгледзець пытаньне аб узбуджэньні супраць Чыгіра справы за ўказанае злачынства”.
Як бачым, сьледчымі яшчэ нічога ня знойдзена, яны яшчэ не выправіліся ў Маскву, а ім ўжо абвешчана, што Чыгір злачынца.
Гэткая ж выснова зробленая і ў другім пункце дакумэнту: “Пад час далейшага расьледваньня, – піша Бажэлка, – трэба забясьпечыць магчымыя захады ў кампэнсацыі стратаў, нанесеных дзяржаве злачыннымі дзеяньнямі Чыгіра пры незаконнай выдачы крэдытаў”.
Зьвяртаю ўвагу на тое, што магчымымі ў гэтым пункце названыя захады ў вяртаньні крэдытаў, а не злачынствы Чыгіра. Са злачынствамі Бажэлку ўсё зразумела. У астатніх шасьці пунктах ён прытрымліваецца той жа пазыцыі – што вінаватасьць Чыгіра трэба даказваць усімі магчымымі захадамі.
У прыватнасьці, пяты пункт указаньня ппрадугледжвае пошукі замежных рахункаў Чыгіра, а паводле шостага належыць праверыць маёмасьць сыноў экс-прэм’ера і ўсіх ягоных сваякоў. Замежных рахункаў Чыгіра не знайшлі, ды і як выканаць такое ўказаньне – хіба што праверыць усе банкі сьвету. А вось сваякоў экс-прэм’ера патрэсьлі як тую грушу. Узгадвае жонка Міхала Чыгіра Юлія:
(Юлія Чыгір: ) “Правяралі ня толькі сыноў. Як вы ведаеце, правяралі і маіх сясьцёр. Маю сястру выклікалі сюды. Яна ў 91-м годзе купіла “Жыгулі”, і ёй сказалі, што ў тыя гады свабодна машыну нельга было купіць. Як ты яе купіла? Гэта толькі Чыгір табе дапамог”.
Паведаміла Юлія Чыгір.
Адвакаты экс-прэм’ера Аляксандар Пыльчанка і Юлія Чыгір, грамадзкія абаронцы Гары Паганяйла й Барыс Гюнтар заявілі пасьля агалошваньня ліста Бажэлкі, што гэты дакумэнт парушае 20-ы артыкул Працэсуальнага кодэксу Беларусі і, акрамя таго, у ім бачныя прыкметы арганізацыі псыхалягічнага ціску на абвінавачванага шляхам перасьледу ягоных сваякоў, што зьяўляецца парушэньнем ужо Крымінальнага кодэксу.
“Мы будзем дамагацца, каб пракуратура краіны адрэагавала на гэты дакумэнт, хаця й разумеем, што вынік такога разгляду ў цяперашняй Беларусі прадказальны”, – заяўляюць адвакаты Міхала Чыгіра.
Алег Грузьдзіловіч, Менск