Другое простае ўключэньне ў эфір нашага карэспандэнта, які зараз знаходзіцца
ў калёне. Калёна накіроўваецца да вуліцы Сурганава.
(Цыганкоў: ) “Добры дзень яшчэ раз. Мы зараз знаходзімся ў сярэдзіне
калёны. Галава калёны падыходзіць да скрыжаваньня з вуліцай Сурганава,
а яе хвост яшчэ недалёка ад плошчы Якуба Коласа. Можна сказаць, што на
гэты момант у акцыі бярэ ўдзел каля 15 тысяч чалавек.
Узначальвае калёну лёзунг на ангельскай мове “Мы патрабуем перамоваў
пры пасярэдніцтве АБСЭ”. Дарэчы, каля калёны я ўбачыў старшыню Кансультацыйна-назіральнай
групы АБСЭ спадара Віка, мы зь ім трошку пагаварылі, ён сказаў, што ягоная
задача тут – абараняць і назіраць.
Сярод іншых лёзунгаў: “Лукашэнка, вярні Ганчара і Красоўскага”, “Жыве
Беларусь”, “Не дамо нашым вайскоўцам і міліцыянтам служыць у Чачні”. А
цяпер я перадаю сотавы тэлефон нашаму карэспандэнту Валеру Каліноўскаму”.
(Каліноўскі: ) “Добры дзень. Сёлетні Марш Свабоды праходзіць тым жа
самым маршрутам, што і леташні ў кастрычніку, але ў адрозьненьне ад мінулага
Маршу Свабоды настрой у дэманстрантаў больш спакойны і, нават, сьвяточны.
Тым ня менш і прадстаўнікі менскай міліцыі, і арганізатары акцыі непакояцца,
каб не паўтарыўся леташні фінал, калі дэманстранты былі разагнаныя сілай
і былі справакаваныя на сутычкі з унутранымі войскамі.
Менская міліцыя сёньня пераведзеная на ўзмоцнены рэжым службы, а ў накірунку
цэнтра гораду па праспэкце Скарыны я налічыў каля 40 армейскіх “Уралаў”
з унутранымі войскамі. Відавочна, яны абараняюць квартал адміністрацыі
прэзыдэнта. А тут жа па маршруце мы не заўважылі вялікай канцэнтрацыі войскаў.
Арганізатары ў сваю чаргу стварылі адмысловыя дружыны, якія акаляюць
калёну і сочаць за парадкам.
Я быў сьведкам, як кіраўнік дружыны Віктар Івашкевіч сустрэўся з падпалкоўнікам
міліцыі Сяргеем Гіліным, які кіруе аховай парадку. Віктар паведаміў, што
яго дружына забясьпечаная сродкамі сувязі, іх больш за сотню, і яны гатовыя
супрацоўнічаць зь міліцыяй дзеля падтрымкі парадку.
Падпалкоўнікі міліцыі, зь якім я размаўляў, паведаміў, што арганізатарамі
акцыі зробленыя дадатковыя захады дзеля бясьпекі, і ён спадзяецца, што
сёньняшняя акцыя пройдзе гэтак сама, як і нядаўні дзень Сьвятога Валянціна.
І арганізатары акцыі і прадстаўнікі ўладаў заяўляюць, што яны ўлічылі
нэгатыўны досьвед кастрычніка 1999 году і спадзяюцца, што ўсё абыдзецца
без правакацыяў і эксцэсаў, і ўдасца нармальна адзначыць нашае дзяржаўнае
сьвята”.
Віталь Цыганкоў
Валер Каліноўскі
Валер Каліноўскі