Сёньня

Галоўны прапагандысцкі рупар улады – дзяржаўная тэлевізія – апынулася ў складаным фінансавым становішчы й вымушаная скарачаць ўласнае вяшчаньне.

Скарачэньне эфіру дзяржаўнае тэлевізіі – вымушаная мера. Раней аб’ём уласнага вяшчаньня БТ складаў 8 гадзінаў, цяпер – толькі 6 гадзінаў. Пад уласным вяшчаньнем маецца на ўвазе колькасьць праграмаў, якія створаныя супрацоўнікамі тэлевізіі. Частка праграмаў узімку была закрытая, частка – скарочаная.

Паводле словаў намесьніка старшыні тэлерадыёкампаніі Ўладзімера Купрыенкі, уласнае вяшчаньне БТ можа скараціцца да чатырох з паловаю гадзінаў. Уласныя праграмы будуць замененыя гатовай прадукцыяй. Хутчэй за ўсё, яна будзе не самай высокай якасьці, бо грошай у дзяржаўнае тэлевізіі не хапае.

Тэлерадыёкампанія мае вялікую запазычанасьць перад тэлецэнтрам, на балянсе якога знаходзіцца ня толькі тэлевізійная тэхніка, але й будынак, які займае кампанія. На пачатку лютага запазычанасьць тэлецэнтру складала каля 26 мільярдаў недэнамінаваных рублёў. Дарэчы, паводле неафіцыйных зьвестак, тэлецэнтар таксама мае значную запазычанасьць – каля 4 мільярдаў недэнамінаваных рублёў.

У выніку дзяржаўная тэлевізія не заўсёды мае магчымасьць накіроўваць сваіх супрацоўнікаў у заплянаваныя выправы, бо не хапае грошай нават на бэнзын і выпраўныя выдаткі. Да таго ж, паводле словаў Купрыенкі, у тэлевізіі няма магчымасьці аднаўляць тэхніку, у прыватнасьці – купляць запчасткі да відэамагнітафонаў.

Заробкі ў супрацоўнікаў тэлевізіі невысокія – кіраўнік рэдакцыі атрымлівае няшмат больш за 20 тысячаў рублёў, адказны сакратар – крыху больш за 16 тысячаў. Выключэньнем зьяўляюцца толькі супрацоўнікі АТН, якія атрымліваюць значна больш – па некалькі дзясяткаў тысячаў. Але сума іхных кантрактаў не абвяшчаецца.

Дарэчы, адная з прычынаў цяжкога становішча беларускае тэлевізіі – празьмерныя выдаткаваньні на АТН, для якога, у прыватнасьці, было куплена шмат сучаснае тэхнікі. Аднак скарачэньне эфіру тэлевізіі працы ідэялягічных праграмаў АТН, хутчэй за ўсё, не закране.

Ганна Навумовіч, Менск