У інтэрвію нашаму ню-ёрскаму карэспандэнту Галіне Прыгары дэпутат Дзяржаўнае
Думы Расеі Барыс Беразоўскі, якога фінансавыя аналітыкі лічаць самым заможным
бізнэсмэнам гэтай краіны, фактычна пацьвердзіў, што на пэўным этапе Лукашэнка
разглядаўся ў Крамлі як адзін з рэальных прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта
Расеі. Падаем анансаваны раней поўны тэкст інтэрвію.
Паводле ацэнак некаторых заходніх экспэртаў, у 97 годзе кошт актываў
Барыса Беразоўскага складаў тры мільярды даляраў. У 96 годзе менавіта пазыцыя
Беразоўскага адыграла істотную ролю ў пераабраньні Барыса Ельцына. Палітычныя
назіральнікі адзначаюць, што і пасьля адстаўкі Ельцына Беразоўскі, у тым
ліку і як уладальнік вядучых тэлеканалаў, істотным чынам уплывае на рашэньні
расейскае палітычнае ды эканамічнае эліты. Безумоўна, што стаўленьне такой
ўплывовай асобы да беларускіх праблемаў ўяўляе цікавасьць. І можа быць
у значнай ступені паказальнай.
(Прыгара: ) “Спадар Беразоўскі, як Вы ставіцеся да размоваў пра тое,
што Лукашэнка можа рэальна стаць Прэзыдэнтам Расеі?”
(Беразоўскі: ) “Неверагодна, так? Хаця… Хаця. Зусім нядаўна гэта сапраўды
вельмі сур’ёзна абмяркоўвалася, і ня толькі ў Беларусі. У Расеі гэта сур’ёзна
абмяркоўвалася – ці можа Лукашэнка быць прэзыдэнтам Расеі, а больш дакладна
– аб’яднанай дзяржавы. І на гэта былі зусім канкрэтныя прычыны, чаму гэта
сур’ёзна абмяркоўвалася. Таму што былі толькі тыя кандыдаты, у шэрагу якіх
Лукашэнка ня быў горшым”.
(Прыгара: ) “Ня горшым для Расеі?”
(Беразоўскі: ) “Ня горшым для Расеі, канешне. Найперш, для Расеі. На
фоне Лужкова, Прымакова, Зюганава я не лічу, што Лукашэнка – гэта горшы
варыянт. Не лічу. І вось калі Вас цікавіць маё меркаваньне, я лічу, што
сапраўды, як прэзыдэнт Расеі Лукашэнка – лепшы, чым, напрыклад, Лужкоў.
Лукашэнка лепшы, чым Прымакоў. Лукашэнка лепшы, чым Зюганаў. Паводле адной
простай прычыны: ён больш сучасны. Пры ўсім, ён – больш сучасны. Хаця шмат
хто, я ведаю, у Беларусі, у Расеі кажуць: “старшыня калгасу”… Я вельмі
шмат разоў сустракаўся з Лукашэнкам і магу сказаць, што Лукашэнка – сур’ёзны
палітык. Так, па шмат якіх вымярэньнях я не падзяляю ягоны пункт гледжаньня.
Але гэта – аб’ектыўная рэальнасьць. Ён сур’ёзны палітык і ня толькі на
беларускай арэне. І на расейскай. Але! Але зноў жа, з майго пункту погляду,
канешне, ён не вытрымлівае параўнаньня з сёньняшнім выканаўцам абавязкаў
прэзыдэнта Расеі Пуціным”.
(Прыгара: ) “Нават Вы, уважаючы Лукашэнку моцным палітыкам, кажаце,
што не з усімі ягонымі крокамі пагаджаецеся. Захад рэзка крытыкуе Лукашэнку
за парушэньне правоў чалавека. Іншую пазыцыю займае Расея. Спадар Беразоўскі,
як Вы лічаце – ці можа Расея сёньня нейкім чынам паўплываць на Лукашэнку,
каб правы чалавека ў Беларусі выконваліся?
(Беразоўскі: ) “Ведаеце, Расея проста можа далучыцца да шэрагу іншых
дзяржаваў. Эўрапейскіх, дэмакратычных, заходніх дзяржаваў, якія павінныя
трымацца жорсткай пазыцыі ў справе правоў чалавека. І сапраўды, шмат з
таго, што адбываецца ў Беларусі, мне здаецца, не адпавядае дэмакратычным
крытэрыям. Разумееце, паводле абсалютна аб’ектыўных абставінаў.
Вось Вы ведаеце, мы пераканаліся, што гэтыя абсалютныя паняцьці, у тым
ліку і паняцьці дэмакратыі, – яны працуюць слаба. Тое, што адбывалася ў
Косаве, назваць дэмакратычнымі крокамі, дэмакратычнымі мэтадамі нельга
ані ў якім разе, з майго пункту гледжаньня. Я маю на ўвазе, што існуюць
асаблівасьці. І адносіны паміж Беларусьсю і Расеяй маюць свае асаблівасьці.
Я не лічу магчымым сёньня стварэньне саюзнай дзяржавы, я асабіста так мяркую.
Але я Вам цяпер растлумачу… Пры ўсім гэтым я лічу, што і рускія, і беларусы
– вельмі блізкія народы, і жыцьцё паасобку – малаверагоднае. Яно адбудзецца
зноў, разам. Проста дзеля гэтага спатрэбіцца час.
Чаму сёньня немагчыма – гэта таксама абсалютна зразумела. Ёсьць два
спосабы стварэньня саюзу. Адзін спосаб – калі Беларусь ўвальецца ў Расею
і зробіцца часткаю Расеі. Аднак я не думаю, што такі варыянт сёньня задаволіць
беларускі народ. Таму што шмат людзей, якія запярэчаць такой форме аб’яднаньня
Беларусі шасьцю сваімі вобласьцямі ў складзе Расеі. І другі спосаб – калі
Беларусь і Расея на роўных робяцца членамі саюзнае дзяржавы. Ну але тады
натуральна зьяўляецца пытаньне ў Татарстану, у Інгушэтыі, у чачэнцаў, і
ў іншых – а чаму мы не такой жа якасьці? І адказаць на гэтае пытаньне немагчыма.
Нельга адказаць – “А таму, што вас – меней”. Гэта ў савецкі час можна было
сказаць: вы ведаеце, вы – маленькі народ, а ёсьць вялікія народы, “сур’ёзныя”.
А вось вы – “несур’ёзныя”. Таму не існуе, з майго пункту гледжаньня, не
існуе сёньня такой формы, якая б дазволіла стварыць такі саюз. А тое, што
акрэсьлены рух да гэтага саюзу – мне падаецца правільным”.
(Прыгара: ) “Вы ўжо адзначылі, што на пэўным этапе, да зьяўленьня Пуціна
ў якасьці пераемніка Ельцына, Лукашэнка разглядаўся як патэнцыйны кандыдат
у прэзыдэнты Расеі. А чым патлумачыць, што працэс інтэграцыі Беларусі і
Расеі працягваецца? Гэта што, гульня на карысьць Пуціна?”
(Беразоўскі: ) “Гэта не гульня. Гэта не гульня, а немер. Вельмі важны
намер двух народаў. І справядлівы, з майго пункту гледжаньня. Вось гэтак
жа, як Эўропа. Я не жадаў бы праводзіць паралель, ну але тым ня менш. Вось
Эўропа дэкляравала 50 гадоў таму, што “мы будзем адзінай прасторай”. І
вось тое, што Расея і Беларусь дэкляравалі, што “мы будзем адзінай дзяржавай”
– гэта вельмі важна. Проста трэба вельмі дакладна разумець тыя праблемы,
якія паўстаюць на гэтым шляху. Але вектар руху – акрэсьлены. Беларусь і
Расея ідуць насустрач адна другой, і гэта вельмі істотна”.
(Прыгара: ) “Як Вы ацэньваеце пэрспэктывы СНД? Што зьмянілася з таго
часу, як Вы пайшлі з пасады Выканаўчага Сакратара Садружнасьці?”
(Беразоўскі: ) “Вы ведаеце, можа, гэта ня вельмі і добра, але я ня вельмі
ўважліва сачыў за тым, як усё гэта адбывалася далей, хаця добра разумеў
праблемы, якія існуюць на шляху стварэньня рэальнай садружнасьці. Праблемаў
вельмі шмат. Мне падаецца, былі зробленыя сур’ёзныя крокі ў той час, калі
я быў выканаўчым сакратаром, і сёньня Яраў ідзе па тым самым шляху.
Я лічу, што гэтая садружнасьць – непазьбежная, яна адбудзецца. Але вельмі
важна паводле часу вызначыцца – што можна, а чаго – нельга. Галоўнае, што
я вынес, галоўны мой вопыт – тое, што стрыжнем садружнасьці зьяўляецца,
безумоўна, Расея. Але да таго часу, пакуль ў Расеі ня будзе дакладнага
разуменьня, чаго яна жадае ад гэтай садружнасьці, – садружнасьць не адбудзецца.
І сёньня якраз Расея вельмі блізкая да таго моманту, калі яна здолее вызначыць
уласныя прыярытэты ня толькі ў межах былога Саюзу, але і новай сусьветнай
сыстэмы, якая ўзьнікла ў сувязі з распадам Савецкага Саюза.”
(Прыгара: ) “На Захадзе Лукашэнка разглядаецца як кіраўнік, які страціў
легітымнасьць. Гэта падкрэсьліваюць і дэпутаты прлямэнтаў эўрапейскіх краінаў,
сэнатары і кангрэсмэны ЗША. Спадар Беразоўскі, як дэпутат Дзярждумы Расеі,
як Вы ставіцеся да праблемы легітымнасьці Лукашэнкі?”
(Беразоўскі: ) “У мяне вельмі простае стаўленьне. Я не лічу, што магчыма
адмаўляць які бтам ні было выбар народа. Я не лічу, што Лукашэнка абраны
нелегітымна. Разумееце, але далей ёсьць шмат агаворак. Я ня вельмі разумею
ягоныя паводзіны, шчыра вам скажу, таму што я лічу, што калі б выбары ў
Беларусі адбыліся, ён зноў бы быў абраны прэзыдэнтам. Таму я не разумею,
навошта ўсе гэтыя хітрыкі. Яны ў мінус яму, а не ў плюс.
Вось гэткая ж і мая пазыцыя ў адносінах да Масхадава. Тое, што мне бліжэй.
Масхадаў – легітымна абраны прэзыдэнт. І я ня маю іншай пазыцыі. І тое,
што тычыцца Лукашэнкі…. Лукашэнка – легітымна абраны прэзыдэнт. Яго дзеяньні
часта нелегітымныя, з майго пункту гледжаньня. Але зноў жа, я цяпер кажу
не пра фармальны бок справы, а – пра фактычны. Фось з фактычнага пункту
гледжаньня, з майго пункту гледжаньня… Я шмат разоў сустракаўся і зь ім,
і са шмат якімі палітыкамі з Беларусі.. Ён сёньня – лідэр. І гэта факт.
У межах, якія сёньня вызначаюць дэмакратычнасьць грамадзтва. Таму яшчэ
раз кажу: калі б сёньня адбыліся выбары ў Беларусі, я лічу, паводле маёй
ацэнкі, ён быў бы зноў абраны прэзыдэнтам”.
Гутарыла
Галіна Прыгара, Нью-Ёрк