Пад эгідаю Нацыянальнага выканаўчага камітэту групаю экспэртаў
распрацаваны праект пад назваю “Стратэгія для Беларусі. Канцэпцыя нацыянальнага
разьвіцьця”. Праект ужо распаўсюджаны сярод беларускіх і замежных палітыкаў
і навукоўцаў, ён будзе абмеркаваны на міжнароднай канфэрэнцыі, якая пройдзе
на гэтым тыдні ў Менску, і ў канчатковым варыянце можа быць вынесены на
разгляд Усебеларускага зьезду.
Паводле словаў навуковага каардынатара праекту Сяргея Ляўшунова, “Стратэгія
для Беларусі” зьяўляецца альтэрнатываю цяперашняму курсу. Нэгатыўна ацэньваючы
сёньняшні стан эканамічнага й палітычнага жыцьця Беларусі, экспэрты Нацыянальнага
выканаўчага камітэту прапануюць краіне шлях радыкальных пераўтварэньняў,
што ўжо апрабаваныя ў сьвеце, якія адначасова былі б адаптаваныя да сёньняшніх
беларускіх рэаліяў. Распрацоўшчыкі не імкнуцца знайсьці своеасаблівы беларускі
шлях, прызнаючы, што “Беларусь зможа цалкам зрэалізаваць свой патэнцыял
толькі ў адзінай эўрапейскай сям’і”.
Гаворыць кіраўнік праекту, старшыня Нацыянальнага выканаўчага камітэту
Мечыслаў Грыб:
“Мы хацелі б, каб гэтая наша канцэпцыя стала плятфомаю, праграмаю дзеяньня
палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў, і ня толькі тых людзей, якія
выступаюць супраць уладаў, але ў першую чаргу нам вельмі цікава, каб гэтую
праграму падтрымалі людзі, якія цяпер больш маўчаць”, – зазначыў Мечыслаў
Грыб.
Сутнасьць палітычных прапановаў – вяртаньне да дэмакратычнага ладу,
празрыстасьці дзяржаўнага будаўніцтва, вяршэнства закону, усталяваньне
выбарнасьці мясцовых уладаў і незалежнасьці судоў – гэта тыя прынцыпы,
на якіх апазыцыя сёньня гатовая аб’яднацца. Але, як прызнаюць стваральнікі
гэтае канцэпцыі, пры цяперашняй уладзе іх зрэалізаваць немагчыма.
Як і многія іншыя канструктыўныя праекты апазыцыі, “Стратэгія для Беларусі”
разьлічаная на пэрспэктыву. Гаворыць Мечыслаў Грыб: “Ня трэба сёньня сядзець
і чакаць, калі прыйдзе час, і тады ты ўсё схопіш і пабяжыш, трэба рыхтавацца
да гэтага, каб усё было падрыхтавана, зроблена: прыйдзе час – паклаў на
стол, дапрацаваў і ў дзеяньне пускай…”
Стваральнікі “Стратэгіі для Беларусі” не разьлічваюць, што яна адразу
будзе ўзятая на ўзбраеньне ўсімі палітычнымі партыямі й групамі, але спадзяюцца,
што іхная праца абудзіць грамадзкую дыскусію ў пытаньнях балючых праблемаў
нашае дзяржавы. Ужо цяпер многія палітыкі й навукоўцы пачынаюць выказваць
свае заўвагі й прапановы да гэтага праекту. Гаворыць навуковы каардынатар
праекту Сяргей Ляўшуноў:
“Мы ўлічвалі грамадзкія настроі і эканамічныя рэаліі, у якіх зараз існуе
Беларусь, і я б не назваў гэтую праграму цалкам лібэральнай. Мы ані ў якім
разе ня лічым, што гэтая канцэпцыя – гэта ўжо канчатковы адказ на ўсе пытаньні,
якія ставіць жыцьцё. Менавіта мэта нашага праекту – гэта нейкую дыскусію
ў грамадзтве, шырокую дыскусію ўзьняць, каб сапраўды выпрацаваць для Беларусі
аптымальны шлях дзеля разьвіцьця”, – мяркуе Сяргей Ляўшуноў.
Экспэрты Нацыянальнага выканаўчага камітэту спадзяюцца, што да гэтае
дыскусіі далучацца ня толькі апазыцыйныя палітыкі й незалежныя навукоўцы,
але й прадстаўнікі ўраду, экспэрты з шэрагу замежных краінаў, якія ўжо
атрымалі запрашэньне на навукова-практычную канфэрэнцыю “Стратэгія для
Беларусі”, што намечана на 18 сакавіка.
Валер Каліноўскі, Менск