Сёньня

У Менскім гарадзкім судзе працягваюцца слуханьні справы экс-прэм’ера Беларусі Міхала Чыгіра, якога абвінавачваюць у службовых злоўжываньнях ды іншых злачынствах. Некаторыя са сьведкаў даюць вельмі няпэўныя ці блытаныя паказаньні, якія разыходзяцца з паказаньнямі на папярэдніх допытах. Абарона Чыгіра зьвязвае гэта зь ціскам сьледчых.

Разыходжаньні ў паказаньнях сьведкаў пад час допыту з паказаньнямі, што гучаць цяпер у судзе, сталі прыкметаю працэсу над Міхалам Чыгіром. Нагадаю, сьведка Блізнец ужо заяўляў, што не казаў сьледчым таго, што яму прыпісалі. Некалькі разоў тое ж самае чулі судзьдзі і ад сьведкі Хоміча.

На ўчорашнім паседжаньні абвяргаць высновы сьледчых давялося дырэктару маргарынавага заводу Фёдараву – ён распавядаў, чаму пячатка ягонага заводу на крэдытных дакумэнтах адрозьніваецца ад цяперашняе пячаткі: “таму што з тых часоў яна проста памянялася”, – патлумачыў сьведка – і адразу недарэчнымі сталі выглядаць падозраньні сьледчых, што крэдытныя дакумэнты былі падробленыя, а Чыгір вінаваты, што гэтага ня ўгледзеў.

Сёньня суд сутыкнуўся зь іншымі недарэчнасьцямі. Сьведка, былы дырэктар малога прадпрыемства “МСТ” Сяргей Пэрсідзкіх, які ў 1993 годзе атрымаў зь “Белаграпрамбанку” крэдыт – 200 тысячаў даляраў, ня мог узгадаць: з кім з супрацоўнікаў банку ён меў стасункі, і ўвогуле, куды падзеліся грошы. “Я перадаў 200 тысячаў даляраў прадпрымальніку Кордзе з Горадні, а ён іх не вярнуў”, – паўтараў сьведка. Міхал Чыгір лічыць гэтыя тлумачэньні хлусьнёю і абураецца, чаму сьледзтва гэтую відавочную хлусьню не абвергла…

(Чыгір: ) “Мы атрымалі больш пытаньняў, чым адказаў пасьля сьведкі Пэрсідзкіх, які даваў паказаньні. Бачыце, сьледчыя органы ніяк не расьсьледавалі гэты выпадак. Яны ня ведаюць, да каго хадзіў Корда у Белаграпромбанк за атрыманьне крэдытаў. Не расьсьледавалі эпізод. Каб там мільганула прозьвішча Чыгір, яны б тут стаялі адразу. Яны ня ведаюць, да каго хадзіў Пэрсідзкіх, каб атрымаць дэпазыт у Белінгосстраху – ён не называе, прозьвішча ён ня ведае. Усё сьведчыць аб тым, што сьледчыя органы гэты эпізод наогул не расьсьледавалі. Іх нічога не цікавіла. Яшчэ цікавейшыя паказаньні дасьць Корда, як ён прыедзе сюды”.

Патлумачу, што прадпрымальнік Корда ўжо асуджаны за невяртаньне зусім іншага крэдыту на 10 гадоў і сядзіць у Гарадзенскай калёніі. Але на сьледзтве гэты Корда прызнаў, што сапраўды браў у Сяргея Пэрсідзкіх грошы, пазычаныя ў “Белаграпрамбанку”, і не вярнуў іх.

Толькі як Кордзе й Пэрсідзкіх удалося дамовіцца пра гэты крэдыт, хто ім дапамагаў, дзе грошы – адказаў на гэтае пытаньне сьледзтва не дае. А самае дзіўнае, што да сьведкі Пэрсідзкіх, які браў грошы ў банку, у сьледчых і прэтэнзіяў няма!

Пракурор Віктар Жынгель растлумачыў мне гэтую сытуацыю наступным чынам: “…Ворганы папярэдняга расьледваньня ўжо далі ацэнку дзеяньням Сяргея Пэрсідзкіх, але ня ў гэтай справе, а ў справе грамадзяніна Корды. Супраць Пэрсідзкіх крымінальны перасьлед спынены, і казаць пра тое, што ён вінаваты ў крадзяжы гэтых 200 тысячаў даляраў, немагчыма”, – гэтак лічыць пракурор Жынгель.

Дарэчы, калі літаральна тыя ж словы прагучалі ў судзе, зьдзіўлены Чыгір усклікнуў: “Пэрсідзкіх не вінаваты, а я, па-вашаму, вінаваты?”

Гэтае пытаньне засталося пакуль без адказу. Праўда, суд задаволіў хадайніцтва пракурора аб прывозе ў суд з калёніі прадпрымальніка Корды. Ягоных паказаньняў чакаюць абодва бакі.

Алег Грузьдзіловіч, Менск