29-30 чэрвеня ў Менску з афіцыйным візытам знаходзіцца прэзыдэнт Малдовы
Петру Лучынскі. Як паведамілі ў Амбасадзе Малдовы ў Беларусі, асноўная
мэта візыту – інтэнсыфікацыя ўзаемных гандлёва-эканамічных стасункаў.
Пасьля сустрэчы з малдоўскім прэзыдэнтам Аляксандар Лукашэнка заявіў,
што не заўважыў вялікіх разыходжаньняў з Лучынскім “нават у вялікай палітыцы”.
На справе ж візыт Пятра Лучынскага мае чыста эканамічны характар. Сёньня
была падпісаная двухбаковая Дамова пра гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва
да 2009 году, якая прадугледжвае рост таваразвароту да ўзроўню 96-га году,
і яшчэ дзясятак галіновых пагадненьняў. У прыватнасьці, плянуецца, што
будзе створанае супольнае прадпрыемства зборцы ў Малдове беларускіх трактараў.
Гэтымі днямі ў Палацы Рэспублікі праходзіць сэмінар-выстава “Малдова
прадстаўляе”. У яе рамках прэзыдэнт Лучынскі сустрэнецца зь беларускімі
дзелавымі коламі, каб прадставіць гандлёвыя магчымасьці сваёй краіны. Беларускім
бокам зарганізаваная праграма наведваньня Лучынскім менскіх прадпрыемстваў,
пэрспэктыўных з пункту гледжаньня экспарту ў Малдову: выстаўнай залі канцэрну
“Белрэсурсы”, вытворчага аб’яднаньня “Белкамунмаш”.
Нельга сказаць, што Малдова – надта значны эканамічны партнэр Беларусі.
Як паведамілі ў беларускім замежнапалітычным ведамстве, за мінулы год узаемны
таваразварот паміж Беларусьсю й Малдовай склаў каля 70 мільёнаў даляраў,
зь іх 40 прыйшлося на імпарт з Малдовы. Гэта крыху больш чым 0,5% у беларускім
гандлі з краінамі СНД. Таму відавочна, што абедзьве краіны хацелі б дамагчыся
росту ўзаемнага таваразвароту. У прыватнасьці, Аляксандар Лукашэнка зазначыў,
што Беларусь зацікаўленая ў пастаўках малдаўскага збожжа ды іншай сельскагаспадарчае
прадукцыі.
Аднак праблемы павелічэньня гэтага таваразвароту патрэбна вырашаць ужо
ня ў двухбаковым, а ў трохбаковым фармаце – з удзелам Украіны, транзыт
празь якую ўскладняе малдоўска-беларускі гандаль. Гэта прызналі Лучынскі
й Лукашэнка, выказаўшыся за трохбаковыя перамовы на гэты конт зь Леанідам
Кучмам.
Праблему транзыту праз Украіну днямі ў Адэсе абмяркоўвалі ўкраінскі
й малдоўскі прэм’ер-міністры. Запрашалі да размовы й беларускага кіраўніка
ўраду, ды Ўладзімер Ярмошын яе прайгнараваў. Аднак, як паведаміў першы
намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Валянцін Вялічка, чакаецца,
што ў бліжэйшыя дні прадстаўнікі ўрадаў Беларусі, Украіны й Малдовы сустрэнуцца
ў Гомлі, каб нарэшце разам абмеркаваць праблему транзыту.
Валер Каліноўскі, Менск