Сёньня

У Берасьцейскім абласным судзе распачаўся разгляд справы праваслаўнага сьвятара айца Міхала Сыцюка (ён быў забіты ў кастрычніку 1998 году). Судовы працэс абвешчаны закрытым.

Улічваючы той факт, што забойства настаяцеля Сьвята-Мікалаеўскае царквы айца Міхала ў свой час выклікала вялікі розгалас у Берасьці й за ягонымі межамі, праваахоўныя і судовыя ворганы з насьцярогаю чакалі сёньняшняга дня.

Але на зьдзіўленьне пачатак згаданага судовага працэсу ня быў прычынаю для зьяўленьня натоўпу людзей ля будынку абласнога суду. На першае паседжаньне прыйшлі толькі родныя забітага ды журналісты. Адсутнасьць вернікаў на працэсе, верагодна, тлумачыцца тым, што ў берасьцейскіх храмах напярэдадні ўжо было абвешчана, што працэс мусіць быць закрытым.

Зь неафіцыйных крыніцаў прыходзілі зьвесткі, што Мітрапаліт Менскі й Слуцкі, патрыяршы эгзарх Беларусі Філарэт накіраваў адпаведны ліст у Берасьцейскі абласны суд, у якім выказаў пажаданьне, каб згаданы судовы працэс праходзіў за зачыненымі дзьвярыма.

Гэты сцэнар цалкам спраўдзіўся – з хадайніцтвам пра тое, каб зрабіць разгляд справы пра забойства айца Міхала закрытым ад грамадзкасьці, выступіў адвакат абвінавачванага. Гэтае хадайніцтва было падтрыманае і роднымі забітага, і прадстаўнікамі абласное пракуратуры, якая вяла сьледзтва. Пры гэтым не прагучала аніякіх довадаў, зь якіх бы вынікала сама неабходнасьць праводзіць закрытыя слуханьні.

Тым ня менш судзьдзя Іван Барысаў задаволіў хадайніцтва і прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі мусілі пакінуць залю паседжаньняў. Ім было нават забаронена зрабіць фотаздымкі чалавека, які падазраецца ў забойстве праваслаўнага сьвятара.

Вядома толькі, што абвінавачванаму Генадзю Калесьнікаву 37 гадоў. У свой час ён пад кіраўніцтвам айца Міхала працаваў у берасьцейскай Сьвята-Мікалаеўскай царкве дыяканам. Але потым, зь невядомых пакуль прычынаў, пакінуў гэты прыход.

У той час, калі адбылося злачынства Калесьнікаў працаваў у адной з цэркваў у Кобрыне, а потым вярнуўся на сваю радзіму – ў Гомель. Там ён і быў затрыманы ў сьнежні мінулага году і перавезены ў сьледчы ізалятар Берасьця.

Асноўныя абвінавачваньні прад’яўленыя Генадзю Калесьнікаву паводле артыкула 100 Крымінальнага кодэксу (наўмыснае забойства пры абцяжваючых абставінах). Згодна з гэтым артыкулам можа быць прызначана пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі ад 15 да 25 гадоў або пажыцьцёвае зьняволеньне ці абвешчаны сьмяротны прысуд.

Яшчэ перад пачаткам паседжаньня журналістам паведамілі, што судовы працэс у гэтай справе ў выпадку, калі не зьявяцца нейкія дадатковыя акалічнасьці, можа доўжыцца на працягу двух тыдняў.

Алег Супрунюк, Берасьце