Сёньня

Цэнтральнай падзеяй трэцяга дня візыту эўрапейскае парлямэнцкае “тройкі” ў Беларусь быў зарганізаваны імі круглы стол з удзелам прадстаўнікоў адміністрацыі Лукашэнкі, іншых уладных структураў з аднаго боку ды Каардынацыйнае рады апазыцыйных партыяў і недзяржаўных арганізацыяў з другога. Удзельнікі гэтае сустрэчы засталіся ня надта задаволенымі яе вынікамі.

Дэпутат Эўрапарлямэнту Ян Віерсма і прадстаўнік Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Адрыян Севярын заклікалі апаніруючыя бакі абмеркаваць чатыры асноўныя беларускія праблемы, на вырашэньні якіх настойвае міжнародная супольнасьць, і ў прываттнасьці АБСЭ і Эўрапарлямэнт: прыняцьце справядлівага выбарчага заканадаўства, павелічэньне паўнамоцтваў парлямэнту, допуск апазыцыі да СМІ ды стварэньне ў краіне клімату даверу праз правядзеньне перамоваў у канфліктным канстытуцыйным пытаньні.

Гаворыць кіраўнік групы ў справах Беларусі ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Адрыян Севярын:

“Мы вельмі хочам з аднаго боку каб вы вырашылі ўласныя праблемы, і каб мы – з другога боку – маглі дапамагчы вам пабудаваць незалежны сувэрэнны дэмакратычны дом, дзе пануе дабрабыт і выконваюцца правы чалавека”, – такое пажаданьне выказаў Адрыян Севярын.

А Ян Віерсма зазначыў, што з часу мінулага візыту эўрапейскае парлямэнцкае “тройкі” ён не назірае асаблівага прагрэсу, ды нагадаў, што ад вырашэньня названых чатырох праблемаў будзе залежыць магчымасьць накіраваньня ў Беларусь на парлямэнцкія выбары міжнародных назіральнікаў.

Дыскусія ў гэтых пытаньнях працягвалася тры гадзіны, часам яна была вельмі вострай. Хоць апазыцыю прадстаўлялі лідэры партыяў, прэзыдэнцкі бок прадстаўлялі ня самыя выскопастаўленыя чыноўнікі – памочнік Лукашэнкі Сяргей Посахаў, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, дэпутат Мікалай Лазавік…

Так атрымалася, што выступоўцы ад няўрадавых арганізацыяў, бальшыня якіх былі заўважаныя ў гэтак званым “дыялёгу”, у асноўным выступалі на баку ўладаў і намагаліся загаворваць вострыя прэтэнзіі апазыцыі сваімі агульнымі развагамі.

Увогуле тэма грамадзкага дыялёгу, што быў ініцыяваны Лукашэнкам і не прывёў да рэальных зьмяненьняў Выбарчага кодэксу, стала галоўным каньком прэзыдэнцкага боку. Сяргей Посахаў прыкрываў ім усе патрабаваньні апазыцыі – і ў зьменах у Выбарчы кодэкс, і ў доступу да СМІ, і ў правядзеньні перамоваў з уладамі.

Пасьля таго, як Лукашэнка фактычна прайгнараваў самыя істотныя з прапанаваных “дыялёгам” паправак у Выбарчы кодэкс, што дакладна праілюставала Алена Скрыган, прадстаўнікі апазыцыі шчыра назвалі гэты “дыялёг” фарсам, зарганізаваным дзеля стварэньня бачнасьці грамадзянскага кансэнсусу.

Набралося столькі ўзаемных прэтэнзіяў, што толькі дыпляматычны досьвед замежных прадстаўнікоў дапамагаў трымаць агульны ход гаворкі ў межах паліткарэктнасьці.

У цэлым на іх тварах, як і на тварах прадстаўнікоў апаніруючых бакоў было бачна расчараваньне гэтай гутаркаю.

Гаворыць лідэр АГП Анатоль Лябедзька:

“Справа ў сыстэме прыняцьця рашэньняў у нашай краіне. Што б ні казаў сёньня Посахаў, які прадстаўляе адміністрацыю Лукашэнкі, што б ні казаў Лазавік, які прадстаўляе Палату прадстаўнікоў, каштоўнасьць іхных словаў у кантэксьце прыняцьця канкрэтных рашэньняў – практычна роўная нулю. Для таго, каб быў клімат нейкага даверу, патрэбныя два складнікі: палітычная воля і давер адзін да аднаго. Палітычную волю з боку ўладаў можа прадэманстраваць толькі Лукашэнка, усе астатнія будуць падстройвацца пад гэтую волю. Другі складнік – гэта давер. Няма сёньня даверу да ўлады”, – сказаў Анатоль Лябедзька.

Адкрыта пра сваё расчараваньне ў інтэрвію “Радыё Свабода” выказаўся й прэзыдэнцкі памочнік Сяргей Посахаў:

“Таемныя сэпаратныя перамовы ў прынцыпе грамадзтва не падтрымае. Але што датычыць абмеркаваньня буйных праблемаў – Выбарчага кодэксу, паўнамоцтваў парлямэнту, правоў чалавека – дык гэта рабіць трэба публічна. У нас 18 партыяў, але чаму гэта трэба абмяркоўваць з шасьцю? Улада вядзе дыялёг з усімі…

Для мяне гэтая сустрэча прынесла расчараваньне, нельга рабіць выгляд, што не йснуе рэальнасьці”, – зазначыў Сяргей Посахаў.

І хаця Адрыян Севярын па заканчэньні “круглага стала” заклікаў да працягу падобных кантактаў і “круглых сталоў”, але без удзелу эўрапейцаў, выглядала на тое, што ніхто не гатовы прыслухацца да гэтае парады.

Валер Каліноўскі, Менск