Палітоляг Валеры Карбалевіч камэнтаруе міжнародны фон візыту эўрапейскай
“тройкі” ў Беларусь…
Міжнародным фонам візыту прадстаўнікоў Захаду зьўяецца абвастрэньне
супярэчнасьцяў сярод палітычных сілаў Захаду ў беларускім пытаньні.
З аднаго боку – рэзкая рэзалюцыя Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША на
конт сытуацыі ў Беларусі. З другога боку – заява Адрыяна Севярына пад час
сустрэчы са сьпікерам Дзярждумы Расеі Селязьнёва, што апазыцыі трэба йсьці
на выбары, нават калі ўлады не выканалі папярэднія ўмовы.
Сам факт ператварэньня “тройкі” ў “двойку”, адсутнасьць у складзе дэлегацыі
прадстаўніка Рады Эўропы – падштурхоўваюць да думкі пра наяўнасьць рознагалосься
на Захадзе. Пра настрой на кампраміс з рэжымам. Гэта сьведчыць сустрэча
эўрапейскіх пасланцоў з прадстаўнікамі так званага грамадзкага дыялёгу.
На Захадзе, відаць, успрымаюць гэтую палітычную кампанію ўсур’ёз. І
гатовыя яе прыняць за крокі да вырашэньня канстытуцыйнага крызісу. Дэлегацыя
сустракаецца з амбасадарам Расеі ў Беларусі. Захад намагаецца падключыць
Расею да вырашэньня беларускай праблемы.
Мне падаецца, што зьяўленьне расейскага фактару будзе не на карысьць
апазыцыі. Гэта азначае, што ў беларускай палітыцы Захаду перамагае не амэрыканскі,
а больш кампрамісны эўрапейскі варыянт вырашэньня беларускага крызісу.
Гэта зразумела: часу да парляманцкіх выбараў застаецца мала, і эўрапейскай
дыпляматыі ня хочацца канстатаваць паразы ў беларускім пытаньні.
Валеры Карбалевіч