Цырымонія пахаваньня прэзыдэнта Хафэза Асада толькі на вельмі кароткі
час адсунула на другі плян шматлікія праблемы, зь якімі сутыкаецца цяперашняя
Сірыя, і якія з новай вастрынёй паўстануць заўтра. Гэта й саперніцтва ў
барацьбе за ўладу, і найперш – неабходнасьць эканамічных рэформаў.
Састарэлы Хафэз Асад памёр у сыботу, пакінуўшы пасьля трыццаці гадоў
свайго праўленьня ня толькі палітычную пустэчу, але краіну, якая перажывае
застой, мае цяжкія вайсковыя забавязаньні перад суседнім Ліванам, замарожаны
перамоўны працэс зь Ізраілем і нямоглую эканоміку. Так ацэньвае сытуацыю
сёньняшняя New York Times.
Асад пахаваны ў сваёй роднай мясьціне Куардаха, куды даставяць труну
зь ягонымі парэшткамі пасьля жалобных цырымоніяў у сталіцы Сірыі Дамаску
і партовым горадзе Ларнака.
Ягоны сын Башар-аль-Асад, выглядае, без асаблівых складанасьцяў перахопіць
уладу, на якую прэтэндаваў ягоны дзядзька – выгнаньнік Рыфат-аль-Асад.
Прадстаўнік Рыфата Асада заявіў у інтэрвію Бі-Бі-Сі, што ён сапраўды
законны спадкаемца і гатовы прыступіць да выкананьня сваіх абавязкаў у
кожны момант.
Рыфат аль-Асад, якому цяпер 63 гады і які жыве ў выгнаньні ў Эўропе
пасьля няўдалай спробы захапіць уладу, апошнім разам быў у Сірыі ў 94-м
годзе на пахаваньні старэйшага сына Асада –Базыля. Рыфат мусіў вярнуцца
ў Эўропу адразу ж пасьля пахаваньня. Ён быў пазбаўлены пакінутых за ім
раней высокіх пасадаў у партыі арабскага сацыялістычнага адраджэньня (БААС),
а таксама пасады віцэ-прэзыдэнта Сірыі.
Рыфат аль-Асад стварыў на эміграцыі тэлевізійны канал Arab News Network,
якім кіруе адзін зь ягоных сыноў.
Тым ня менш, ягоны пляменьнік Башар выйшаў пераможцам у барацьбе за
ўладу. Як паведаміла арабская газэта Эль-Хаят, сілы бясьпекі Сірыі атрымалі
загад арыштаваць Рыфата, калі ён паспрабуе вярнуцца ў краіну.
Варажнеча ў сям’і Асадаў можа адыграць важную ролю ў выпадку ўзьнікненьня
напружаных адносінаў з абшчынай алавітаў – мусульманскай сэктай, якая ператварылася
ў часе прэзыдэнцтва Хафэза Асада з рэлігійнай меншыні ў палітычна прывілеяваную
праслойку. Калі Башару Асад ня хопіць цьвёрдасьці і ён ня зможа гарантаваць
алавітам захаваньне іхнага прывілеяванага стану, Рыфат Асад можа вярнуцца,
як патэнцыйна моцная асоба, здольная аднавіць палітычную ролю алавітаў.
Калі Рыфат Асад быў ў фаворы, ён праславіўся сваімі жорсткімі дзеяньнямі
ў здушэньні палітычных праціўнікаў прэзыдэнта. У 1982 годзе Рыфат Асад
кінуў войска ў наступ на горад Хама, захоплены мусульманскімі экстрэмістамі.
Паводле неафіцыйных ацэнак праваабарончых групаў, цягам наступу ў горадзе
былі зьнішчаныя ад 10 да 20 тысячаў мяцежнікаў.
Годам пазьней, калі прэзыдэнт Асад ляжаў у шпіталі з сардэчным прыступам,
танкавыя злучэньні, верныя ягонаму брату Рыфату, рушылі на Дамаск, што
было расцэнена як спроба дзяжаўнага перавароту. Ужо тады старэйшыя афіцэры,
у іх ліку міністар абароны Мустафа Тлас, вырашылі падтрымаць, у выпадку
неабходнасьці Башара Асада.
Мустафа Тлас цяпер заявіў у інтэрвію ліванскаму тэлебачаньню, што ёсьць
толькі адзін кандыдат у прэзыдэнты. Генэрал меў на ўвазе сына прэзыдэнта,
які сьпешна атрымаў паўнамоцтвы галоўнага вайскавода.
На думку брытанскай Financial Times, наступнік Хафэза Асада Башар мусіць
засяродзіцца на вырашэньні эканамічных праблемаў. У краіне, большую частку
16 мільённага насельніцтва якой складаюць людзі ва ўзросьце да 30–і гадоў,
штогод зьяўляюцца новыя 200 тысяч беcпрацоўных.
Аднак, Башар мусіць быць асьцярожным, каб ня выклікаць сацыяльных хваляваньняў
і адначасна – незадаволенасьці пануючай эліты. Нядаўнюю антыкарупцыйную
кампанію Башар выкарыстаў супраць сваіх апанэнтаў ва ўрадзе. Аднак, ён
ня будзе кранаць уплывовых асобаў, неабходных яму цяпер для захаваньня
палітычнай стабільнасьці.
Для сірыйскай эканомікі характэрныя кепскі мэнэджмэнт, павальная карупцыя
і паўсюдны дзяржаўны кантроль. У выніку эканоміка Сірыі перажывае спад,
пачынаючы з 1996 году. Сёлета надзеі ўскладаюцца на рост цэнаў на нафту,
якая складае 60 адсоткаў сірыйскага экспарту.
У той час, як суседнія арабскія дзяржавы заняліся эканамічнымі рэформамі,
Сірыя засталася зачыненай для рэформаў нават у банкаўскай сфэры.
Аналітыкі мяркуюць, што партыя БААС на сваім зьедзе на гэтым тыдні прыме
новы эканамічны плян разьвіцьця краіны. Прыхільнікі радыкальных зьменаў,
аднак, могуць памыліцца ў сваіх разьліках. Хаця ад Башара чакаюць больш
дынамічнага кіраваньня і правядзеньня рынкавых рэформаў, дзяржава захоўвае
дамінуючую ролю ў эканоміцы.
“Сірыя трымаецца рэалізму ў эканоміцы – сказаў у панядзелак міністар
плянаваньня Ісам-аль-Займ. Галоўны прынцып такой эканомікі палягае на ролі
дзяржавы – але ня ў сэнсе кантролю й бюракратыі, а ў сэнсе стымуляваньня
й плянаваньня.”
Віталь Тарас