Рэдакцыя газэты “Народная Воля” і журналіст Юры Сьвірко, аўтар інтэрвію
з Тамарай Віньнікавай, што было апублікана 10 чэрвеня, падаюць скаргу ў
пракуратуру й пазовы ў суд на Беларускую тэлевізію і дыктара перадачы “Рэзананс”
А.Зімоўскага за парушэньне аўтарскага права й паклёп. Зімоўскі ў мінулую
нядзелю агучыў тыя абзацы з інтэрвію Віньнікавай, якія быццам бы былі скарочаныя
рэдакцыяй.
Аляксандар Зімоўскі працытаваў тыя абзацы, у якіх Тамара Віньнікава
вельмі нэгатыўна гаворыць пра лідэраў беларускай апазыцыі. Пры гэтым Зімоўскі
заявіў, што яму перадалі поўны тэкст інтэрвію нейкія супрацоўнікі “Народнае
Волі”.
Увогуле, праўкі й скарачэньні матэрыялаў заўсёды былі рэдакцыйнай таямніцаю,
і рэдактар “Народнае Волі” Іосіф Сярэдзіч лічыць, што зь ягонага калектыву
ніхто ня мог перадаць гэтыя матэрыялы Зімоўскаму. Больш за тое, Зімоўскі
цытаваў ня той тэкст, які быў рэдагаваны Сярэдзічам, а іншы вырыянт інтэрвію,
якога ў рэдакцыі папросту не было. Пры гэтым Зімоўскі папракаў “Народную
Волю” ў прадузятасьці. Таму, як зазначыў Іосіф Сярэдзіч у інтэрвію “Радыё
Свабода”, рэдакцыя будзе зьвяртацца ў пракуратуру й суд з заявамі пра парушэньне
аўтарскіх правоў і паклёп з боку перадачы “Рэзананс”.
Уласнае дасьледаваньне гэтай дзіўнай гісторыі правёў і аўтар інтэрвію
зь Віньнікавай журналіст Юры Сьвірко. Ён пацьвярджае, што ў тэксьце, які
ён прадаставіў рэдакцыі “Народнае Волі”, не было шмат чаго з таго, што
Зімоўскі назваў “рэдакцыйнымі скарачэньнямі” “Народнае Волі”. Не было там,
напрыклад, пасажу пра тое, што Віньнікава нібыта марна патрабуе прамога
эфіру з Багданкевічам на “Радыё Свабода”. А гэты пасаж і многія іншыя фальшыва
агучыў Зімоўскі.
Гэтыя абзацы, відаць, узятыя з тых паправак да інтэрвію, якія прапанавала
сама Віньнікава пасьля вычыткі тэксту і накіравала Юрыю Сьвірко электроннай
поштаю. Ды папраўкі гэтыя прыйшлі запозна й не былі ўнесеныя ў рэдакцыйны
тэкст. Юры Сьвірко робіць меркаваньне, што тэкст інтэрвію з папраўкамі
Віньнікавай Зімоўскі (ці нехта са спэцслужбаў) проста скралі зь ягонай
электроннай паштовай скрынкі ў інтэрнэце.
Гаворыць Юры Сьвірко:
(Сьвірко: ) “Я даслаў сёньня скаргу на імя Генэральнага пракурора Беларусі
спадара Бажэлкі, дзе зьвярнуў ягоную ўвагу на тры моманты, на тры артыкулы
Крымінальнага кодэксу, якія парушыў Зімоўскі. Гэта 1 артыкул “Паклёп” –
ён узьвёў паклёп на супрацоўнікаў рэдакцыі “Народнай Волі”, сказаўшы, што
яны перадалі яму фрагмэнты неапублікаванага інтэрвію, хоць я дакладна ведаю,
што гэтых фрагмэнтаў у рэдакцыі не было. Па-другое, артыкул 135 “Парушэньне
тайны перапіскі”. Я думаю, што альбо Зімоўскі, альбо тыя, з кім ён супрацоўнічае,
узламалі мой сэрвэр, маю паштовую скрынку, і дасталі адтуль вось гэты другі
тэкст з папраўкамі Віньнікавай. І, нарэшце, я зьвярнуў увагу на артыкул
138 Крымінальнага кодэксу “Парушэньне аўтарскага права”. Я ніколі не супрацоўнічаў
з прагрмай Рэзананс, не супрацоўнічаю і не зьбіраюся рабіць гэта ў будучым.
Таму я быў вельмі шакаваны тым, што маё прозьвішча наогул зьявілася ў гэтай
ганебнай праграме”,
– гэта быў журналіст Юры Сьвірко.
Цікава, што пасьля гэтых скандальных публікацыяў “Народнае Волі” ў мінулую
пятніцу й суботу, якія суправаджаліся нядаўнімі фотаздымкамі Віньнікавай,
ніхто з праваахоўных ворганаў, якія фармальна яшчэ вядуць сьледзтва паводле
факту зьнікненьня Тамары Віньнікавай, не паспрабаваў высьветліць у рэдакцыі
ды журналіста, ці на самой справе гэта экс-кіраўніца Нацбанку, дзе яна
знаходзіцца і як можна яе знайсьці.
Валер Каліноўскі, Менск