Санацыя

Першаснае значэньне слова санацыя для беларускага вуха гучыць зьдзекліва. Дайце веры, усталяваны начальнікам польскай дзяржавы Юзафам Пілсудзкім санацыйны рэжым для беларусаў-заходнікаў мусіў азначаць “аздараўленьне”, “лекаваньне”.Санацыя павінна была палекаваць беларусаў ад беларускага слова ў школах, ад беларускае казані ў касьцёлах; мелася прапісаць занядужалым насельнікам “крэсаў усходніх” антыбеларускія варшаўскія рэцэпты. А ў выніку – дарэшты выветрыць зь беларускіх галоваў подумкі пра беларускую дзяржаўнасьць. Вось дзе ўжо “сапраўды такія лекары маглі дастаць душу без пары”!

Беларушчына заганялася ў Бярозу Картузкую, дзе чуйна драмала ў чаканьні волі. За кратамі сядзелі паэты і палітыкі, мастакі і выдаўцы, грамадоўцы і простыя грамадзяне. Таму ў санацыі чуецца яшчэ й сон нацыі.

Вернемся ў думках у Заходнюю Беларусь і пройдземся разам з гарадзенскім паэтам Юркам Голубам па вуліцах сьцішанага места, каб пачуць як уначы каля кляштара пры санацыі Польшчы “зноўку гісторыя кашляе як прамоклы падпольшчык”.

Сёньня ў будынку прыгаданага кляштара месьціцца турма, дзе эстафэту вязьняў санацыйнага рэжыму пераймаюць вязьні рэжыму лукашэнскаўскага, які сіліцца зацягнуць Беларусь на яшчэ адныя, на гэты раз – паўночна-заходнія крэсы.

Сэрца Пілсудзкага, што марыў пасадзіць усіх беларусаў на адной лаве, пахаванае на Віленскіх могілках Роса і прадбачліва заслоненае шматтоным, таўшчэзным панцарам труніцы. На гладкай каменнай паверхні выразна відзён сьлед куляў, як пасьмяротная падзяка за санацыю.

Міхась Скобла, Менск