Папрасіць "перакласьці кніжку з паліцы на стол" можам любога чалавека,
прытым з цалкавітай упэўненасьцю, што кожны раз атрымаем такі самы вынік
"перакладу", калі толькі чалавек захоча выканаць нашу просьбу. Папрасіць
"перакласьці кніжку зь нямецкай на беларускую" можам далёка ня ўсіх, а
прытым без найменьшага спадзеву, што вынік дзеяньняў атрымаецца аднолькавы
ў кожнага перакладчыка. У гэтым сэнсе, літаратурны пераклад - непаўторны,
як і сам арыгінал.
Няма рэцэпту, як зрабіць добры пераклад. Усе перакладчыкі шукаюць свайго
ўласнага шляху паміж полюсамі доўгага ланцужку дыхатамічных правілаў. Прыкладам:
а)пераклад павінен пераносіць словы арыгіналу - пераклад павінен пераносіць
ідэі арыгіналу; б) пераклад павінен адлюстроўваць стыль аўтара - пераклад
павінен адлюстроўваць стыль перакладчыка; в) пераклад павінен чытацца
як тэкст, сучасны эпозе аўтара -- пераклад павінен чыіацца як тэкст,
сучасны эпосе перакладчыка; г) перакладчык можа дадаць нешта аб сябе -
перакладчыку нельга такога рабіць. І так далей, і да таго падобнае.
Ясна тут адно: калі б у перакладзе ішлося пра зьмену словаў аднае мовы
на словы іншыя, ён наўрад ці меў бы якую-небудзь цікавасьць як для
чытачоў, так і для саміх перакладчыкаў. Перакладаецца заўсёды нешта
значна большае за словы, фразы й абзацы - перакладаецца сьвет, закадаваны
ў адной мове, на ягоны адпаведнік у іншай мове. Двухмоўны слоўнік
у гэтай працы - усяго адзін з дапаможнікаў, прытым, мабыць, ня самы важны.
Гісторыя беларускага літаратурнага перакладу - гэта ўадначас і гісторыя
інтэлектуальнага змаганьня за захаваньне свайго беларускага сьвету ў сусьвеце
нацыянальных культураў. Гэта, перш-наперш, змаганьне за тое, каб ня зжэр
беларускага сьвету сьвет расейскі. Каб ня зьнікла назусім беларуская ўражлівасьць
да сусьвету, якая знаходзіць сваё выяўленьне ў самабытным беларускім слове.
Каб беларусам ня трэба было шукаць адпаведнага беларускага слова праз расейска-беларускі
(ці, можа, польска-беларускі альбо ангельска-беларускі) слоўнік.
Ян Максімюк