Памяць - гэта я, і памяць - гэта мы.
Памяць, як і людзі, бывае вечнай і кароткай, маторнай і зрокавай, слабой
і моцнай.
Само слова памяць прыйшло да нас з індаэўрапэйскай мовы, дзе яно мела
тое самае значэньне.
Савецкая школа ўжывала чалавечую памяць для выхаваньня будаўнікоў камунізму
і таму патрабавала ведаць на памяць клятву юнага піянэра, колькасьць ордэнаў
на сьцязе камсамолу, склад палітбюро ЦК КПСС, вершы пра Леніна. Але, на
самой справе, гэта была антыпамяць у якой гублялася памяць пра вартае.
У той самы час яна як магла вытручвала гістарычную памяць народу, выбівала
з памяці ягоную нацыянальную сьвядомасьць.
У выніку памяць беларуса пакрысе бяднела: зь яе выляталі несавецкія
падзеі, імёны народных герояў, зь яе вылятала родная мова і нацыянальныя
арынціры. Спытайце ў беларуса, да прыкладу, якога вялікага паэта ён можа
назваць без развагаў і вы, у бальшыні выпадкаў, пачуеце імя чалавека з
суседняй дзяржавы.
Адна зь першых гістарычных кніжак пра нашу гісторыю (для чытача 80-ых)
называлася "Памяць пра легенды". Аўтар Кастусь Тарасаў, схаваўшыся за слова
легенды, вярнуў памяць.
Кароткі пэрыяд вяртаньня памяці пасьля развалу СССР зьменшыў колькасьць
насельніцтва і павялічыў нацыю. Памяць напоўнілася іншым, сапраўдным зьместам
і пачала патрабаваць прыпомніць ня толькі забытае агульнае, але й прыватнае:
спазнаць свой радавод, вызначыць сваё месца ў гісторыі свайго народу і
адсюль - у сёньняшняй рэальнасьці.
У прэзыдэнцкай Беларусі ізноў пачаліся спробы вярнуць нашую памяць ў
сьпісаную на архіўную паліцу савеччыну, але нашая памяць цяпер -- гэта
ўжо іншая памяць, памяць у якой жывуць Бітва пад Воршай і шляхецкая вольніца,
БНР і Слуцкі збройны чын, Курапаты і Чарнобыль, змаганьне за нацыянальную
школу і разагнаныя ўладамі дэманстрацыі. Замест духовае беднасьці ў сучаснай
памяці пачынае абжывацца памяць пра беднасьць матэрыяльную.
Сяржук Сокалаў-Воюш.