Паляк -- польскі чалавек. У ягоным нацыянальным назове чуецца поле.
Этнонім паляк паявіўся ў далёкім Х1 стагодзьдзі. Паляк - ад палянін, так
зваўся жыхар Вялікапольшчы. І адтуль дзе Познань, Быдгашч, Гнезна, шырылася
імя і стала агульным назовам паляка.
Беларусы стагодзьдзямі ведалі палякаў як ляхаў. Гэтае імя суадносілася
зь лядам. Ляхі - насельнікі вольных ад лесу прасьцягаў, лядаў. Людзі зь
Ляскага краю сяліліся ў нас яшчэ да Крэўскай вуніі, і нашыя продкі ведалі,
па чым пазнаць такога чалавека: казалі, па тым, што "на чэраве ў ляха -
бляха". І прыглядаліся, і вучыліся ў ляхаў, напрыклад, у тых мазурскіх
буднікаў, якія прыйшлі ў наш край на лясны промысел, і асталяваліся на
Палесьсі. А польская мова, займеўшы на нашай зямлі правы, насычалася сокамі
мовы беларускай. І з польскім уплывам прыбыўлялася ў нас палякаў.
Аднак і даўней, і ў новыя часы нямала палякаў парабілася зь беларусаў.
У ХХ стагодзьдзі мэтады былі або адміністрацыйныя, або касьцёльныя.
"Будзь, паляк, як людзі, інакш дрэнна будзе!" -- у вершы Вінцука Адважнага
крычыць гэтак жонка мужу.
У заходнебеларускай вёсцы за польскім часам ідзе перапіс. Пасьля
вайны колішнія польскія грамадзяне двойчы масава выязджалі ў Польшчу. Колькі
сярод тых рэпатрыянтаў было беларусаў, якія між двух камуністычных рэжымаў
выбіралі польскі, -- ніхто дакладна ня скажа.
Гавораць, што чалавек, які ня ведае гісторыі, асуджаны на тое, каб перажыць
яе зноў. На шчасьце, у раскіданых па краіне даўнейшых шляхецкіх вёсках
нярэдка сустрэнеш людзей, якія, цэнячы сваю польскасьць, памятаюць пра
беларускую Бацькаўшчыну, не забываюцца на клопат сваіх пачцівых папярэднікаў
- стаяць "за сваю і за вашую свабоду".
Юрась Бушлякоў.