Хоць прымаўка мімаходзь адзначае "Век жыць - ня мех шыць", але і мех
шыць, каб і зярнятка ні прапаролася вострым носікам, ні цяжкое пакладзіва
не прарвала яго, - трэба ўмець.
Ад мяха пайшлі потым і мадэрныя сумкі, і бавулы, і розныя хіналы.
Пастухоў і вандроўнікаў мех ратаваў ад дажджу, ад морасі, ад пылу.
Капюшоны ўсіх фасонаў - унукі мяха, а торбачкі - як бы дачушкі.
З маленства гучыць мне весялінка: "Ажаніўся мяшок, узяў торбачку, туды-сюды
павярнуў - цмок у мордачку!".
Ад мяха - мяшэчнікі, тыя бедалагі, якіх голад крывавых рэвалюцыяў і
войнаў гнаў па сьвеце. Пасьля вайны ўдовы - прыгоньніцы калгасаў - на сваіх
плячах несьлі першыя мірныя руні ў мяхах. Мех быў адзінкай вымярэньня -
мех мукі, мех жыта, мех бульбы...
Падчас паўстаньняў, барацьбы беларусаў за волю мяхі, насыпаныя пяском,
былі надзейнымі сьценамі змагароў.
Адказная і шанавітая, так бы мовіць, пасада, механошы, валачоўнікаў
і скамарохаў.
У паэтаў "мех" гукае рыфму на "сьнег" і "сьмех". Пра недакладную многасьць
кажуць - "мех з торбачкай", пра марныя намаганьні - "Чобаты за мех, а ў
мяху - сьмех". Ён - нясумны мэтад кайнасьці: "Грэх - у мех, а сам - наверх".
Завязаны пад самае горла мех нагадвае сноп. Не такая і далёкая радня
- абодвум зярняты дарагія.
Рыгор Барадулін.