У адрозьненьне ад майстэрні, майстроўня напоўненая выразна паэтычным,
узвышаным зьместам. Яна - ня месца, дзе працуе майстра, яна - цэх
майстроў, яна - творчае атэлье, у якім калі й забіваюць цьвікі, то цьвікі
гэтыя - нематэрыяльныя.
Майстроўня, зафіксаваная ці ня ўсімі слоўнікамі пачатку стагодзьдзя,
на канец савецкай эпохі была цалкам выціснутая майстэрняй. Да пачатку
80-ых гадоў ейнае йснаваньне трымалася хіба толькі на эміграцыйных выданьнях.
Новае жыцьцё слову надаў паўлегальны студэнцкі рух у справе адраджэньня
Беларушчыны. Якраз легальная частка руху і была аб'яднаная ў «Беларускую
Сьпеўна-Драматычную Майстроўню», якая ладзіла фальклёрныя сьвяты, вяла
асьветніцкую працу.
Гонар адраджэньня слова майстроўня належыць тагачаснай студэнтцы
філфаку БДУ Ірыне Крук, якая знайшла гэтае слова ў «Беларускай Драматычнай
Майстроўні» - аматарскай тэатральнай студыі, што йснавала ў Вільні
ад 1922 да 1925 году, папулярызавала нацыянальную тэатральную культуру
ды спыніла сваё йснаваньне ў выніку рэпрэсіяў з боку польскіх уладаў, а
таксама праз матэрыяльныя цяжкасьці. Сярод кіраўнікоў віленскай майстроўні
- імёны Арсеня Канчэўскага і Леапольда Родзевіча.
Майстроўня 80-ых таксама зазнала на сабе перасьлед, цяпер ужо
савецкіх уладаў, якія нават у самім слове майстроўня бачылі прыкметы
нядобранадзейнасьці. У адрозьненьне ад «добранадзейнай» майстэрні,
майстроўня, дзякуючы нязвыкламу суфіксу -оў, рабілася падазронай
- больш беларускай.
Сяржук Сокалаў-Воюш